Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З тэхнічных прычынаў»: буйная гандлёвая сетка касмэтыкі і побытавай хіміі «Міла» зноў прыпыніла онлайн-замовы


Беларуская гандлёвая сетка «Міла» па продажы касмэтыкі і бытавой хіміі абвясьціла, што да 1 сакавіка прыпыняе замовы тавараў праз інтэрнэт-краму.

«Паважаныя кліенты! Інфармуем вас аб тым, што з тэхнічных прычынаў да 1 сакавіка 2024 году інтэрнэт-крама mila.by часова прыпыняе працу. Інфармацыя на сайце носіць даведачны характар, захоўваецца магчымасьць набываць электронныя падарункавыя сэртыфікаты», — паведамляе рытэйлер.

Іншыя падрабязнасьці, з чым зьвязана такое рашэньне, не паведамляюцца.

Нядаўна інтэрнэт-крама mila.by ужо прыпыняла працу з 10 кастрычніка 2023 году — таксама «з тэхнічных прычынаў». Тады працу інтэрнэт-крамы абяцалі аднавіць да 30 лістапада. А з 27 кастрычніка «Міла» прыпыніла дастаўку бытавой хіміі, касмэтыкі і парфумэрыі ў рэгіёны Беларусі.

У кастрычніку 2023 году працу інтэрнэт-крамы амаль на 2 месяцы прыпыняла і сетка дыскаўнтэраў побытавай хіміі і касмэтыкі «Востраў чысьціні і смаку». Яна пачала аднаўляць дастаўку толькі 27 сьнежня (па Менску і бліжэйшых населеных пунктах, па рэгіёнах — пазьней).

У трох юрыдычных асобаў, якія кіруюць сеткай крамаў «Востраў чысьціні і смаку», — праблемы з даўгамі: так, у «ЗахадХімГандлю» яны пачаліся яшчэ з 2021 году, толькі ў кастрычніку 2023-га 15 кампаній зьвярнуліся ў суд, каб спагнаць з «Вострава чысьціні» свае даўгі — за арэнду, натарыяльныя ды іншыя паслугі. «ЗахадХімІнвест» таксама мае 9 судовых пазоваў на вяртаньне даўгоў, «ЗахадХімСэрвіс» вінен 16 кампаніям, агулам даўгі за апошнія паўгода — больш за 40 тысяч рублёў.

Як тлумачыў раней Свабодзе прадстаўнік беларускага рытэйлу, па «Востраве чысьціні і смаку» найбольш ударыла рэгуляваньне цэнаў і праблема з эўрапейскім імпартам.

«Яны шмат працавалі зь імпартам з Эўропы, а цяпер ускладніліся лягістычныя ланцужкі, вазіць адтуль стала нашмат складаней. (...) У „Вострава чысьціні і смаку“ заўжды стаўка была на танныя тавары і аб’ём: шмат продажаў і невялікая выручка. Калі дзяржава не ўліе грошы, то такі бізнэс цяпер няшмат працягне», — казаў суразмоўца.

У той час, як найбуйнейшыя беларускія сеткі касмэтыкі і побытавай хіміі «Міла» і «Востраў чысьціні і смаку» сутыкаюцца з праблемамі, у Беларусь у 2024 годзе рыхтуецца прыйсьці іх канкурэнтка з Расеі — сетка касмэтыкі і парфумэрыі «Подружка», перадае Realt.by. У ёй таксама прадаецца касмэтыка, парфумэрыя, побытавая хімія, прадукты, дробязі для дому. «Подружка» плянуе прыйсьці на беларускі рынак адразу ў некалькіх аб’ектах. А да яе прыйдзе і «ЛʼЭтуаль», якому належыць «Подружка».

Летась у Беларусі закрылася сетка крамаў «Віталюр». У студзені свае грошы зь «Віталюра» хацелі спагнаць больш як тры дзясяткі кампаній. Толькі за 6 месяцаў мінулага году пастаўшчыкі спрабавалі атрымаць ад уласьнікаў «Віталюра» звыш 21 мільёна рублёў. У адным лістападзе 2022-га пазоваў было больш як на 2,5 мільёна рублёў.

У кастрычніку 2023 году стала вядома, што ў беларускай сеткі крамаў «Бусьлік», якую выкупілі палякі, фінансавыя праблемы: ёй пагражае банкруцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG