Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі кінарэжысэр заклікае Сэрбію не выдаваць яго ў Беларусь: «Я не хацеў бы падзяліць лёс Навальнага»

абноўлена

Андрэй Гнёт
Андрэй Гнёт

Апэляцыйны суд Сэрбіі разгледзеў 19 лютага справу аб экстрадыцыі беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта.

«Калі мяне выдадуць у Беларусь, маё жыцьцё будзе разбуранае», — заявіў беларускі журналіст, рэжысэр і апазыцыйны дзяяч Андрэй Гнёт 19 лютага перад судом у Бялградзе, паведамляе Балканская служба Радыё Свабода.

Ён быў арыштаваны 30 кастрычніка 2023 году ў аэрапорце Бялграда на запыт Беларусі, якая абвінавачвае яго ў нібыта ўхіленьні ад выплаты падаткаў, і з таго часу знаходзіцца пад вартай у Бялградзе.

Высокі суд Бялграда ў сьнежні пастанавіў, што ўмовы для яго экстрадыцыі былі выкананыя.

Адвакаты Андрэя Гнёта падалі апэляцыю, і рашэньне апэляцыйнага суду павінна быць прынятае цягам бліжэйшага месяца.

Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу.

Ён жыве ў Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Тры дні таму Навальны памёр у турме. Ён, як і я, змагаўся супраць жудаснага рэжыму ў сваёй краіне, і я не хацеў бы падзяляць ягоны лёс. Як і яго, рэжым вінаваціць мяне ў эканамічных злачынствах. Мне пагражаюць перасьлед і катаваньні», — сказаў Гнёт у залі суду.

Андрэй Гнёт сьцьвярджае, что ён — адзін з заснавальнікаў апазыцыйнага руху «Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў (SOS BY)», які быў створаны ў жніўні 2020 году.

Адкрыты ліст, ініцыяваны SOS BY, падтрымалі сотні спартоўцаў і чальцоў спартовай грамадзкасьці. Ліст патрабаваў адмены выбараў, адстаўкі Лукашэнкі і свабоды для ўсіх арыштаваных падчас масавых дэманстрацый. «Мы толькі прасілі ўлады выконваць закон», — сказаў Гнёт перад судом у Бялградзе.

Дапоўнена

Кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін у сваім фэйсбуку паставіў пад сумнеў датычнасьць Андрэя Гнёта ў стварэньні SOS BY. «Ён сапраўды дапамагаў здымаць ролікі з выказваннем грамадзянскай пазіцыі спартоўцаў у жніўні-верасьні 2020, камунікаваў з некаторымі спартоўцамі. Пра нейкі іншы актыўны ўдзел у грамадзкім руху спартоўцаў я не чуў», — напісаў Апейкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG