За час апошняй аблавы на семʼі палітвязьняў служба эвакуацыі BySol вывезла зь Беларусі больш за 35 чалавек, паведаміў«Нашай Ніве» яе кіраўнік Андрэй Стрыжак і расказаў, чым гэтая хваля эвакуацыі адрозьнівалася ад іншых.
«Пасьля таго, як сілавікі пайшлі па сваяках палітвязьняў, адбыўся ўсплёск. За гэтыя тры тыдні было вывезена больш за 35 чалавек. А калі глядзець на статыстыку, то ва ўмоўна спакойным часе цягам трох тыдняў было б чалавек 10-15», — кажа Андрэй Стрыжак.
Ён вылучыў пэўныя асаблівасьці апошняй хвалі эвакуацыі. Адна зь іх у тым, што сярод эвакуяваных было «шмат людзей, якія яшчэ раніцай былі ўпэўненыя, што ў іх жыцьці нічога не змянілася, а ўжо вечарам былі на эвакуацыйнай трасе».
«То-бок у людзей банальна не было часу, каб падрыхтавацца і нармальна сабрацца. Іншая спэцыфіка складалася з таго, што было шмат эвакуацый семʼямі. Людзі былі вымушаныя зьяжджаць як з малымі дзецьмі, так і са старымі бацькамі», — адзначыў Стрыжак.
Праз гэта была вялікая разьбежка па ўзросьце эвакуяваных: самым маладым — менш за 10 гадоў, то самым дарослым — больш за 60.
- Падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня пад перасьлед трапілі сама меней 257 чалавек, большасьць зь іх — жанчыны. З пачатку лютага пад судовы перасьлед за паводле арт. 24.15 КаАП трапілі прынамсі 65 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.
- Прычынай стала дапамога ў выглядзе прадуктовых перадач, якую сем’і палітвязьняў атрымлівалі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY.
- Паводле інфармацыі «Нашай нівы», затрыманьням папярэднічалі спробы ўзлому тэлеграм-акаўнтаў сваякоў палітвязьняў і тых, хто ім дапамагаў. Адбывалася гэта за тры дні да таго, як стала вядома пра хапун. Таксама гучала лічба затрыманых, якіх трэба «адпрацаваць» — 700 чалавек.
- Многія затрыманыя падчас аблавы — непублічныя пажылыя жанчыны, не сваякі палітвязьняў і не грамадзкія актывісты, яны проста дапамагалі тым ці іншым чынам.
- Характэрнай рысай стала тое, што многім затрыманым не вярнулі пашпартоў — імаверна для таго, каб людзі не маглі легальна выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды мэдыя.