З пачатку лютага пад судовы перасьлед за паводле арт. 24.15 КаАП трапілі прынамсі 65 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Прычынай стала дапамога ў выглядзе прадуктовых перадач, якую сем’і палітвязьняў атрымлівалі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY.
Некаторыя суды ўжо прайшлі, іх вынікамі сталі вялікія штрафы з кампэнсацыяй сумы дапамогі. Частка людзей, якія трапілі пад перасьлед, яшчэ чакае судоў.
Артыкул 24.15 КаАП (выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці або іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам) раней у Беларусі не выкарыстоўвалі. Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка адзначае, што гэта «адвольны перасьлед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў».
Штрафы разам з кампэнсацыяй — больш, чым сума атрыманай дапамогі
Так, напрыклад, у судзе Барысаўскага раёну 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязьня Анатоля Хіневіча. Судзьдзя Сьвятлана Баранава прысудзіла ёй штраф у 800 рублёў і кампэнсацыю дапамогі ў памеры 2854 рублі і 45 капеек.
30 студзеня бацьку палітвязьня з Наваградка, які зьвярнуўся па дапамогу ў ініцыятыву INeedHelp і з 2022 па студзень 2024 году атрымаў дапамогу агулам на 300 рублёў, аштрафавалі на 600 рублёў па арт. 24.15 КаАП. Таксама суд пастанавіў спагнаць зь яго ў даход дзяржавы суму атрыманай дапамогі — 300 рублёў.
26 студзеня суд Лідзкага раёну аштрафаваў па гэтым артыкуле дзьвюх лідчанак. Адна зь іх атрымала «замежную дапамогу» таварамі на 5241 рубель з інтэрнэт-крамы «Эўраопт», другая — на агульную суму 18 143 рублі. Абедзьвюх жанчын аштрафавалі на 1000 рублёў кожную з кампэнсацыяй сумы атрыманай дапамогі.
У пратаколах паводле арт. 24.15 КаАП адзначаецца, што людзі атрымалі замежную дапамогу ад абʼяднаньня INeedHelpBY у «мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасьці, выяўленай у публічнай заведама неправамернай легітымізацыі дзеяньняў асобаў, якія ўчынілі правапарушэньні і злачынствы, у тым ліку шляхам наданьня ім псэўдастатусу „палітвязьняў“, незаконным нівэляваньні наступстваў прыцягненьня да адказнасьці, што стварыла пагрозу прычыненьня шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». Артыкул прадугледжвае штраф памерам ад 400 да 1200 рублёў (ад 10 да 30 базавых велічыняў) з канфіскацыяй дапамогі.