Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 лютага: ганаровую выпускніцу БДУ асудзілі на 5 гадоў калёніі за данаты


Падчас аднаго з судоў супраць удзельнікаў пратэстаў у Жлобіне. Архіўнае фота
Падчас аднаго з судоў супраць удзельнікаў пратэстаў у Жлобіне. Архіўнае фота

У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі.

Новы суд у Жлобіне за пратэсты на БМЗ

Гомельскі абласны суд пачынае 16 лютага разгляд крымінальнай справы былога работніка Беларускага мэталюргічнага камбінату ў Жлобіне Дзьмітрыя Шчарбіна, якога абвінавачваюць у распальваньні сацыяльнай варожасьці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК). Справу разглядае судзьдзя Вадзім Бобыраў, паведамляе «Вясна».

29-гадовага Дзьмітрыя жорстка затрымалі амапаўцы ў кастрычніку 2023 году. Сілавікі абвінавацілі Шчарбіна ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе, якія адбываліся на БМЗ.

Пры гэтым паведамлялася, што Дзьмітрыя ня будуць далей перасьледаваць, бо сілавікі тады заявілі, што «пасьля адкрытай гутаркі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і дакладнай ацэнкі сваіх дзеяньняў ён можа спакойна жыць і працаваць. Так што міліцыя выкарыстоўвае ня толькі сілавыя мэтады, але і размовы па душах. Палку ніхто не перагінае».

Ганаровую выпускніцу БДУ асудзілі на 5 гадоў калёніі за данаты

У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуд 27-гадовай палітзьняволенай Ксеніі Ходыравай, паведамляе «Вясна».

Яе асудзілі за данаты паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаваньне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях).

Па справе адбылося тры пасяджэньні, але падрабязнасьці невядомыя. У выніку судзьдзя Сьвятлана Макарэвіч прызначыла палітзьняволенай пяць гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вядома, што Ксенія скончыла факультэт сацыякультурных камунікацый, катэдру культуралёгіі БДУ. Яе адзначылі ў намінацыі «Лепшы выпускнік БДУ-2018», а таксама запрашалі на рэктарскі баль выпускнікоў БДУ.

Асуджанага на 2 гады «хіміі» горадзенца зноў судзяць — гэтым разам за атрыманьне замежнай дапамогі

Асуджанага на 2 гады «хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады горадзенца Сяргея Маланчука судзяць за парушэньне парадку атрыманьня замежнай дапамогі.

Гэты працэс у раскладзе судоў заўважыў тэлеграм-канал «Право имеют».

Адміністрацыйная справа разглядаецца ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні. У раскладзе суду ў разьдзеле артыкула КаАП указаны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 7, які рэгулюе правілы атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі. Суд можа ўгледзець у парушэньні дэкрэту дзеяньні, якія падпадаюць пад адміністрацыйны артыкул аб парушэньні заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе (артыкул 24.15 КаАП).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG