Міністар інфармацыі Ўладзімер Пярцоў падпісаў пастанову, якая дазваляе дзяржаўным тэлеканалам трансьляваць матчы чэмпіянату сьвету па пляжным футболе, які з 15 лютага праходзіць у Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, гэтае рашэньне ўхвалена на падставе ўрадавай пастановы № 696 «Аб выкарыстаньні асобных аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў» ад 18 кастрычніка 2023 году, што дазволіла выкарыстаньне пірацкай інфармацыі, твораў і праграм.
Цяпер у пералік праваўладальнікаў, за які адказвае Міністэрства інфармацыі, уключылі Міжнародную фэдэрацыю футбольных асацыяцый (FIFA).
16 лютага зборная Беларусі праводзіць свой першы матч са зборнай Сэнэгалу.
У чэмпіянаце сьвету па пляжным футболе ўдзельнічаюць 16 каманд. FIFA забараніла ўдзел Расеі, якая зьяўляецца дзейным чэмпіёнам сьвету, а Ўкраіна адмовілася ў чэмпіянаце пасьля допуску Беларусі да турніру.
У студзені 2023 году ў Беларусі ўхвалілі закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці», які дапускае выкарыстаньне лічбавых матэрыялаў бяз згоды замежнага праваўладальніка, фактычна гэта дазвол пірацтва.
Уключэньне ў пералік праваўладальніка адбываецца на падставе наступных крытэрыяў:
- праваўладальнік зьяўляецца асобай з замежнай дзяржавы, якая зьдзяйсьняе «недружалюбныя дзеяньні»;
- праваўладальнік ці АКУ забараніў ці ня даў згоды (дазволу) на выкарыстаньне на тэрыторыі Беларусі аўдыёвізуальнага твора, выключнае права на які належыць яму ці АКУ;
- выкарыстаньне аўдыёвізуальнага твора неабходнае для «стварэньня ўмоў для павышэньня ўзроўню інфармацыйнай бясьпекі, і (або) разьвіцьця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадзтва, і (або) забесьпячэньня доступу да дасягненьняў сусьветнай культуры і падзей сучаснага жыцьця».
Беларускія ўлады лічаць недружалюбнымі краіны Эўразьвязу, ЗША, Альбанію, Вялікую Брытанію, Ісьляндыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвэгію, Паўночную Македонію, Сэрбію, Чарнагорыю і Швайцарыю.