Як паведамляе тэлеканал «Настоящее время», з таго часу, мяркуючы па справаздачах ініцыятывы, неабыякавыя беларусы закупілі для жыхароў розных гарадоў і вёсак краіны звыш 19 тысяч прадуктовых кошыкаў на агульную суму амаль $1,7 млн.
16 студзеня 2024 году КДБ Беларусі прызнаў ініцыятыву «экстрэмісцкім фармаваньнем», а яе тэлеграм-бот — «экстрэмісцкім матэрыялам». Адразу пасьля гэтага ў Беларусі прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у тых, хто атрымліваў харчовую дапамогу. Гэта значыць, перасьледуюць цяпер ня толькі тых, хто данаціў «экстрэмісцкім фармаваньням», але і саміх атрымальнікаў дапамогі.
Чаму некаторым людзям у Беларусі не хапае грошай на ежу і наколькі былі важныя для іх гэтыя прадуктовыя данаты? «Настоящее время» пагаварыла з пацярпелымі ад новай хвалі перасьледу. Імёны герояў зьменены зь меркаваньняў бясьпекі.
«Уварваліся дадому, напалохалі дзяцей, правялі ператрус»
Натальля — шматдзетная маці зь невялікага беларускага горада. Пасьля ўдзелу ў пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў сядзела на «сутках» і была звольненая з прадпрыемства, як і многія яе калегі. З таго часу яна зьмяніла некалькі месцаў працы, таму што знайсьці яе з «пратэставым мінулым» у правінцыі складана. Каб пракарміць дзяцей, Натальля зьвярталася ў INeedHelpBY некалькі разоў. Праз ініцыятыву можна было заказаць ежы на два тыдні. Харч аплачвалі неабыякавыя беларусы, якія жывуць як унутры краіны, так і за мяжой. А дастаўляліся яны праз сэрвіс «Едастаўка» сеткі крам «Эўраопт» і «Гіпа». Атрыманьне прадуктовых даставак праз онлайн-сэрвісы, нават калі аплата была з замежных картак, не зьяўляецца правапарушэньнем. Але ў 20-х днях студзеня 2024 году да Натальлі прыйшлі сілавікі.
«Раніцай уварваліся людзі ў поўным узбраеньні, напалохалі дзяцей, правялі ператрус, забралі тэлефон, нічога не патлумачыўшы — у якой справе, у чым абвінавачваецца, — расказвае сваячка Натальлі Алена, якая ўжо пакінула Беларусь. — А празь некалькі дзён яна атрымала позву зьявіцца ў міліцыю для разгляду адміністрацыйнай справы. Тут яна даведалася, што гэта неяк зьвязана з INeedHelpBY. Адбыўся суд, ёй прысудзілі штраф».
Паводле якога менавіта адміністрацыйнага артыкулу пакаралі Натальлю, родныя за мяжой пакуль ня ведаюць: многія людзі ў Беларусі запалоханыя рэпрэсіямі, якія доўжацца ўжо больш за тры гады, і баяцца дзяліцца падрабязнасьцямі нават са сваякамі ў прыватных размовах.
Калі чалавек апынаецца ў складанай матэрыяльнай сытуацыі, у Беларусі можна атрымаць ад дзяржавы адрасную сацыяльную дапамогу. Для гэтага склікаецца спэцыяльная камісія, якая разглядае зварот. Аднак да тых, хто ўдзельнічаў у мітынгах 2020 году, сябры камісіі могуць ставіцца прадузята, кажа суразмоўца.
«На гэтай камісіі цябе могуць дзяўбці і прыніжаць: „Чаго ж вы хадзілі па мітынгах? Лепш бы пра дзяцей думалі“. Атрымаеш ты дапамогу ці не, невядома», — удакладняе Алена. Таму шмат хто і зьвяртаўся ў незалежныя праекты салідарнасьці.
«Мы адбываем пакараньне разам з роднымі: вечны стрэс, недахоп часу, грошай»
Сярод тых, каго абшуквалі і затрымлівалі падчас студзеньскіх рэйдаў, былі і сваякі асуджаных палітвязьняў. Калі яны пазбавяцца магчымасьці прымаць іншую дапамогу, гэта ўскладніць жыцьцё многім сем’ям: на падтрымку асуджаных родных у калёніі ідуць сотні і нават тысячы даляраў.
«Пераводы, пасылкі, лісты, мэдыцынскія бандэролі, паездкі на спатканьні. Мы адбываем пакараньне разам з роднымі: вечны стрэс, недахоп часу, грошай. Усё адыходзіць на другі плян. Галоўнае — дапамагчы родным, якія ня дома. Але пры гэтым дома дзеці, чыя маці сядзіць, іх таксама трэба ўтрымліваць. Таму дапамога іншых людзей неабходная і неацэнная», — кажа Марына, маці палітзьняволенай.
Марына ўдакладняе, што ў калёнію за год можна адпраўляць чатыры пасылкі (перадачы) па 50 кіляграмаў, з восені па вясну дазволены яшчэ 10 кіляграмаў «вітаміннай перадачы», таксама можна перадаць адну рэчавую перадачу (50 кіляграмаў) і два дробныя пакеты (да 2 кіляграмаў).
«Родныя хочуць перадаць усё неабходнае і якаснае тым, хто ў няволі. Таму кошт пасылкі можа даходзіць да $500. А ёсьць людзі, у якіх і пяці рублёў на дзень нараджэньня асуджанага роднага няма», — кажа Марына.
Беларускі аналітык Сяргей Чалы назваў тое, што адбываецца, «спробай пазбавіць людзей сродкаў да існаваньня», адрэзаць усе шляхі атрымліваць дапамогу.
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка лічыць гэта помстай за салідарнасьць:
«Гэта неадэкватная рэакцыя на правамерную дзейнасьць грамадзкіх структур, але ўлада ўжо нават не спрабуе гэтага хаваць. Дабрачынная дапамога людзям у цяжкай сытуацыі паводле азначэньня ня можа несьці небясьпекі для канстытуцыйнага ладу і функцыянаваньня дзяржавы, калі толькі гэта не таталітарны рэжым, які страціў падтрымку народу, узурпаваў уладу і існуе толькі за кошт рэпрэсій».