Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі ўручылі ноты пратэсту расейскім паслам пасьля інфармацыі пра вышук высокапастаўленых палітыкаў


Амбасада Расеі ў Таліне
Амбасада Расеі ў Таліне

Міністэрствы замежных справаў Латвіі, Літвы і Эстоніі выклікалі прадстаўнікоў расейскіх амбасадаў і ўручылі ім ноты пратэсту пасьля абвяшчэньня Расеяй у вышук сваіх палітыкаў і дэпутатаў. Ад дыпляматаў патрабуюць тлумачэньня палітыкі Масквы.

Латвійскі МЗС папрасіў часовага паверанага ў справах Расеі Алега Зыкава даць тлумачэньні наконт «палітычна матываваных абвінавачваньняў», якія расейскія ўлады выставілі «былым і цяперашнім латвійскім палітыкам».

«Міністэрства таксама неаднаразова інфармавала дзяржаўныя органы Латвіі аб гэтай сытуацыі, раячы цяперашнім і былым чыноўнікам уважліва разглядаць неабходнасьць выезду за мяжу за межы ЭЗ і NATO. Калі разглядаецца магчымы візыт у тую ці іншую краіну, у тым ліку транзытны, міністэрства раіць ацаніць, наколькі шчыльныя адносіны і прававое супрацоўніцтва ў гэтай краіны з Расеяй, а таксама які ўзровень абароны правоў чалавека ў гэтай дзяржаве», — адзначылі ў афіцыйным паведамленьні з Рыгі.

У МЗС Літвы часоваму паверанаму Расеі Аляксандру Ёлкіну ўручылі «ноту строгага пратэсту» з тае ж прычыны, толькі ў дачыненьні літоўскіх палітыкаў.

У замежнапалітычным ведамстве Эстоніі часоваму паверанаму ў справах Расеі Ленару Самігуліну «выказалі абурэньне» ў сувязі з абвяшчэньнем у вышук прэм’ер-міністаркі краіны Каі Калас і дзяржсакратара Таймара Пэтэркопа і запатрабавалі тлумачэньняў маскоўскай палітыкі ў пісьмовай форме. У ведамстве зазначылі, што «гэтыя крокі Расеі не перашкодзяць Эстоніі рашуча падтрымліваць Украіну».

Напярэдадні сталі вядомыя многія імёны людзей, якія абвешчаны ў вышук у Расеі. Гэта жаўнеры-добраахвотнікі на баку Ўкраіны, вядомыя журналісты, грамадзкія дзеячы, праваабаронцы, палітыкі. У сьпіс трапілі больш за 3 тысячы беларусаў.

Супраць палітыкаў з балтыйскіх дзяржаў МУС Расеі завёў шэраг крымінальных спраў за знос помнікаў савецкай пары. Пры гэтым сувэрэнныя ўлады гэтых краін вырашалі справу аб зносе ці пераносе гэтых помнікаў на тэрыторыях сваіх дзяржаў, а не на тэрыторыі Расеі, што не перашкодзіла расейскім органам абвясьціць шэраг дэпутатаў і пасадовых асоб у вышук.

Эстонія, Літва і Латвія цягам апошніх гадоў няспынна зьвяртаюць увагу міжнароднай супольнасьці на назапашваньне Расеяй сілаў і імаверную падрыхтоўку нападу на краіны Балтыі пасьля атакі на Ўкраіну. Менавіта гэтыя краіны знаходзяцца ў авангардзе прасоўваньня ідэі аб павелічэньні ўзроўню вайсковай дапамогі Ўкраіне з боку Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG