Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі прапанаваў «кротна павялічыць кампэнсацыю выпуснікоў ВНУ за неадпрацоўку па разьмеркаваньні»


Міністар адукацыі Андрэй Іванец. Архіўнае фота
Міністар адукацыі Андрэй Іванец. Архіўнае фота

На думку міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца, павышэньне сумы кампэнсацыі маладым спэцыялістам у выпадку неадпрацоўкі па разьмеркаваньні дазволіць «замацаваць моладзь на працоўных месцах».

«Прапануем кротна павысіць суму кампэнсацыі маладым спэцыялістам у выпадку неадпрацоўкі па разьмеркаваньні, а ў нейкіх выпадках, магчыма, цалкам адысьці ад магчымасьці кампэнсацыі затрат за вучобу», — сказаў Андрэй Іванец, якога цытуе БЕЛТА.

Кіраўнік Міністэрства адукацыі заявіў, што, скончыўшы ўнівэрсытэт, выпускнік павінен стаць спэцыялістам, а для гэтага мінімум 2 гады ён павінен адпрацаваць па сваёй прафэсіі:

«Па асобных спэцыяльнасьцях, магчыма, мае сэнс разгледзець павелічэньне тэрмінаў адпрацоўкі маладымі спэцыялістамі, у тым ліку і мэтавікамі».

Як адзначыў Андрэй Іванец, беларускія ВНУ штогод адлічваюць каля 8 тысяч студэнтаў, пры гэтым палова зь іх сыходзіць па ўласным жаданьні. Паводле міністра, гэта сьведчыць пра тое, што «з прафарыентацыяй мы істотна не дапрацоўваем» і «гэта нерэалізаваны патэнцыял для эканомікі нашай краіны».

Агулам, паводле міністра, цяпер сыстэма вышэйшай адукацыі Беларусі прадстаўленая 49 ВНУ, у якіх навучаецца каля 230 тысяч студэнтаў і магістрантаў.

Летась у лістападзе Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон, які павялічыў тэрміны адпрацоўкі. Так, тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры складзе 5 гадоў, у тым ліку для завочнікаў. Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі закону «Аб ахове здароўя».

Ардынатура стане бясплатнай, і ўсіх лекараў пасьля яе заканчэньня адправяць на адпрацоўку. Раней тэрмін адпрацоўкі складаў 2 гады.

Калі лекар пакіне вучобу ў ардынатуры або яго адлічаць, яму давядзецца пакрыць выдаткі на навучаньне. А калі ён не адпрацуе ўвесь тэрмін ці адмовіцца адпрацоўваць, то мусіць заплаціць у 2,5 раза больш, чым дзяржавай было патрачана на яго падрыхтоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG