Як пры самым аптымістычным сцэнары яна можа зьмяніць сытуацыю ў Беларусі? Пра гэта думаюць усе, хто сочыць за падзеямі вакол адкладзеных выбараў у КР, і найперш патэнцыйныя выбарнікі, якія вызначаюцца, ці браць удзел у галасаваньні.
Для чалавека, які сочыць за працэсамі ў беларускім дэмакратычным асяродку за мяжой, сытуацыя з выбарамі ў КР робіцца ўсё больш цьмянай — ня толькі ў навінах СМІ, але і ў тлумачэньнях аналітыкаў. КР — як непраяўлены фатаздымак: ніхто толкам ня бачыць, што на ім. Паспрабую яго праявіць, хаця б для сябе.
Што я думаю пра КР, якая яна ёсьць сёньня?
З таго, што бачу і чую — збольшага не вядомыя, а часта і не зразумелыя мне людзі гавораць пра штосьці далёкае ад нашага рэальнага жыцьця. У асноўным яны занятыя сабою і сваімі ўнутранымі справамі. Здаецца, ім камфортна ў гэтай гермэтычнасьці. Але ад гэтага не камфортна мне.
КР нельга назваць дэмакратычнай інстытуцыяй: гэта такі сход людзей, які агулам ня мае ні правоў, ні абавязкаў, ні адказнасьці. Ведаю сярод іх некалькі асобаў, якім магу давяраць, астатнім — не. А гэта, між іншым, усё, што ў іх можа быць сёньня, іхны адзіны актыў — давер. У асобных людзей, не ў КР. Здабытыя яшчэ ў Беларусі рэгаліі і аўтарытэты на гэтых выбарах мала для каго штосьці значаць. Адзінае, што можа рэальна працаваць — гэта давер. (Я буду паўтараць гэтае слова шмат разоў, бо, па сутнасьці, сёньня нас усіх больш нішто і не аб’ядноўвае, гэта адзіная цьвёрдая палітычная валюта і адзіная для ўсіх матывацыя ўдзелу ў пакуль што цалкам умоўнай гульні.)
І сэнс выбараў новай КР у тым, каб давер да адзінак ператварыць у давер да інстытуцыі. Гэта вельмі няпростая, тонкая з аднаго боку і валявая з другога задача. Каб яе разьвязаць, трэба зрабіць выбары максымальна празрыстымі, зразумелымі і безумоўнымі, то бок простымі. Інакш даверу ня будзе і ўся задума, уся КР ператворыцца ў бурбалку, якая помкнула.
Напружанасьць паміж КР і Офісам Сьвятланы Ціханоўскай — навошта яна?
Офіс мае давер выбарнікаў і ў сілу перамогі Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах, і асабліва таму, што мае рэальныя вынікі ў міжнароднай палітыцы. Беларусь не зьнікае з парадку дня цывілізаванага сьвету. Я для сябе ўспрымаю гэта як звышвынік, якога ніхто не чакаў. Гэта рэальна працуе на карысьць Беларусі. І гэта ні ў якім разе нельга страціць.
Але калі ў нас усё добра ў міжнароднай палітыцы, дык унутранай палітыкі — унутры Беларусі ці ўнутры дыяспары — няма ні ў Офіса, ні ў КР. Задач ставіцца шмат, але гаварыць пра посьпехі не выпадае. Ёсьць пэўныя здабыткі ў пляне бясьпекі ці кібэрвыведкі, салідарнасьці і дапамогі тым, хто ў Беларусі, але ўсё трымаецца на энтузіязьме структур, якія сёньня ёсьць, а заўтра іх ня будзе. І спагнаць ня будзе з каго, бо яны не надзеленыя правамі і адказнасьцю — тым, што даецца праз выбары. Хапае спрэчак у дыяспары, але іх стараюцца схаваць пад сукно, бо няма той усімі прызнанай інстытуцыі, якая магла б сваёй хай сабе квазіўладай такія закалоты разьвязваць.
Ці патрэбны ўвогуле протапарлямэнт?
На маю думку, так. З гэтага пачынаецца арганізацыя жыцьця беларусаў, якія вымушана апынуліся за мяжой. Але, паўтаруся, іх адзіны актыў сёньня — давер людзей адных да адных. Выбары ў протапарлямэнт — наступная прыступка арганізацыі па-даросламу, дзе гэты давер інстытуцыялізуецца, а протапарлямэнт будзе надзелены паўнамоцтвамі і адказнасьцю, якія і атрымае ад выбарнікаў.
Ці магчымыя такія выбары за мяжой?
Толькі за мяжой яны і магчымыя. Прыцягнуць да выбараў беларусаў зь Беларусі — гэта задача наступнага этапу, калі дыяспара настолькі палітычна арганізуецца, што яе як сілу прызнаюць і за мяжой, і ў Беларусі, калі пачне фармавацца сытуацыя двоеўладзьдзя. Сёньня, калі многія ўспрымаюць выбары ў КР як «сумнеўныя гульні» (мякка кажучы), думаць пра ўдзел беларусаў зь Беларусі было б безадказна, перш за ўсё з гледзішча іхнай бясьпекі. Што да беларусаў у выгнаньні, дык, на мой погляд, колькасна іх больш чым дастаткова, каб такія выбары адбыліся. Ня самі сабою, натуральна: арганізатарам трэба правесьці вялікую інфармацыйную і мабілізацыйную працу. І самае галоўнае — ім трэба адкрыцца, вЫклікаць давер, што б яны самі пра сябе ні думалі (бо некаторыя ўжо ходзяць з прыклееным ззаду міністэрскім крэслам, і ня першы год).
Што будзе рабіць протапарлямэнт?
Натуральна, фармаваць урад у выгнаньні. То бок правобраз той дзяржаўнай сыстэмы, якая ў свой час прыйдзе на зьмену таталітарызму ў Беларусі. Урад, які на прыступку падыме арганізацыю той дзейнасьці, якой сёньня займаюцца квазіструктуры энтузіястаў за мяжой.
Які мусіць быць парадак гэтых выбараў у КР?
Максымальна просты. Я зноў і зноў вяртаюся да базавага прынцыпу, адзінага, які ў нас ёсьць на ўсіх патэнцыйных выбарнікаў, — гэта давер. Сёньня ўсіхны давер ёсьць да асобаў, прычым у мяне да вось гэтых (а, б, в), а ў майго суседа да гэтых (г, д, е). Сьпісы часта не супадаюць, але ў тым і сэнс гэтых выбараў, іх празрыстасьць і той вынік, калі давер да асобаў мусіць стаць даверам да інстытуцыі.
Калі ж я чую, што прапануюцца «шматступенныя» выбары, квоты ад партыяў і грамадзкіх суполак, мяне як выбарніка, ахоплівае паныласьць. Няма ніякага даверу ні да «партыяў», ні да суполак. Час такі і палітычнае паветра такое, і за гэтыя тры гады мы прыйшлі да таго, што мы ўсе ў дыяспары — і вылучэнцы, і выбарнікі — голенькія, няма ў нас нічога, апроч даверу. Няма ў нас партый, не відаць і не чуваць іх. Яшчэ зь Беларусі няма, дзе пад прэсынгам рэжыму яны дэградавалі да адмоўных рэйтынгаў (і ў тым ня іх віна, зразумела).
Падобная сытуацыя з квазіструктурамі. Нельга сказаць пра нейкія іх рэйтынгі сярод дыяспаральнага грамадзтва, ніхто пра гэта ня думаў і ня думае. Магчыма, фармаваньне новай палітычнай сыстэмы мусіць адбыцца адваротным парадкам. Выбраныя самым простым галасаваньнем асобы, стаўшы дэпутатамі, сфармуюць у протапарлямэнце фракцыі, якія і стануць штуршком да стварэньня партый. Калі ж ісьці шляхам квотаў, дык выбарнікі будуць глядзець на такі сьпіс і бачыць там жука і жабу: можа, і прагаласаваў бы за пару чалавек з гэтага сьпісу, а за астатніх — не-е-е. Вось вам мінус выбарнік. А паколькі, падазраю, што большасьць глядзіць такім чынам, дык вось вам і мінус выбары.
Усе ўскладненьні парадку выбараў — ад таго, што арганізатары або разьлічваюць на згоду выбарнікаў a priori, або не разьлічваюць увогуле, што, зрэшты, тое самае. І гэта ў абодвух выпадках няслушна. Бо выбары пачынаюцца для выбарніка ня з «галачак» у бюлетэні, а з самой працэдуры выбараў. Фактычна сваім удзелам або няўдзелам мы будзем выбіраць працэдуру. Вельмі істотна таксама, хто будзе лічыць і наколькі гэта падкантрольны, гэта значыць адкрыты, працэс.
Што будзе, калі арганізатары праваляць выбары?
Нічога і ня будзе. Не змацаваныя нічым квазіструктуры паступова выберуць свой рэсурс энтузіязму на голым месцы і альбо маргіналізуюцца, або зьнікнуць. А ў Беларусі ў патэнцыйным акне магчымасьцяў застанецца вісець вялікі пытальнік у чаканьні цудоўнага паратунку.
Па сабе і атачэньні ведаю, што беларусы за мяжой і ў Беларусі чакаюць гэтых выбараў. Чакаюць, як галоўнай палітычнай падзеі ў асяродзьдзі дэмакратычных сілаў. А ўзровень чаканьня заўсёды роўны ўзроўню расчараваньня. Таму гэтыя выбары мусілі б быць максымальна бездакорнымі і самазасяроджанымі. Вядома, у людзей клопаты выжываньня любой цаной, чалавечай канкурэнцыі, а часта і жаданьне патапіць непрыяцеля могуць пераважыць усе агульныя інтарэсы і мэты. Бо хлеб штодзённы — матэрыяльны. А інтарэсы і мэты сёньня эфэмэрныя. І трэба вялікае супольнае намаганьне, каб пасярод дрыгвы купіну за купінай намацаць сьцяжыну да цьвёрдай зямлі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.