Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Ягораў аб працы Каардынацыйнай рады: «Сытуацыя складаная». Некаторыя дэлегаты склалі паўнамоцтвы


Андрэй Ягораў падчас слуханьняў КР. Архіўнае фота
Андрэй Ягораў падчас слуханьняў КР. Архіўнае фота

7 лютага прадстаўнікі Кардынацыйнай Рады вырашылі працягнуць паўнамоцтвы арганізацыі да моманту абраньня трэцяга складу КР. Аднак гэты крок падтрымалі ня ўсе, некаторыя дэлегаты склалі свае паўнамоцтвы, паведамляе прэс-служба КР.

Сьпікер КР Андрэй Ягораў адзначыў, што сытуацыя ў структуры ўскладняецца тым, што агульнае рашэньне аб выбарчай сыстэме і вызначэньні тэрмінаў выбараў дэлегатамі не прынятае і «далейшае адкладаньне толькі пагаршае становішча».

Таксама Ягораў заявіў, што гатовы паставіць пытаньне аб перавыбарах сьпікера і віцэ-сьпікера Каардынацыйнай рады, «калі нам трэба перагледзець лідэрства ў КР».

«Каардынацыйная рада зрабіла стаўку на дасягненьні кампрамісу аб выбарчай сыстэме з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам і групай палітычных партый. Для гэтага мы доўга, з 8 лістапада, адкладалі прыняцьце канчатковага рашэньня, вялі кансультацыі, сфарміравалі Ўпаўнаважаную групу з прадстаўнікоў гэтых структур (КР, ОСЦ, АПК, партыі). Тым ня менш ва Ўпаўнаважанай групе нам не ўдалося выйсьці на ўзгодненае рашэньне», — патлумачыў Ягораў.

Нягледзячы на тое, што Каардынацыйная рада працягнула свае паўнамоцтвы, 8 лютага яе пакінула віцэ-сьпікерка Алена Жываглод, а каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» адклікала свайго дэлегата Арцёма Брухана. У абодвух выпадках названая адна прычына — у сувязі з завяршэньнем паўнамоцтваў КР другога скліканьня.

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне», якое адклікала свайго дэлегата, усклала палітычную адказнасьць за крызіс у структуры на сьпікера КР Андрэя Ягорава.

Жываглод таксама заявіла ў стрыме «Эўрарадыё», што ў Каардынацыйнай радзе крызіс, а сьпікер Андрэй Ягораў яго не прызнае і нічога не мяняе. Яе сыход — гэта спроба зьвярнуць увагу на праблему, якую выправіць, знаходзячыся ўнутры Рады, яна ня можа. Паводле Жываглод, з КР за час яе дзейнасьці сышло больш за 13 дэлегатаў.

Пасьля сыходу з Каардынацыйнай рады Алены Жываглод яе месца віцэ-сьпікера зойме блогер Ян Рудзік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG