Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтая заява ў інтарэсах Пуціна». Прэзыдэнт ЗША і кіраўніцтва Эўразьвязу адрэагавалі на выказваньне Трампа


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што лідэрства Амэрыкі ў сьвеце і падтрымка хаўрусьнікаў мае вырашальнае значэньне для бясьпекі амэрыканскага народу.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «жахлівай і небясьпечнай» заяву Дональда Трампа аб намеры не абараняць краіны NATO, якія не выконваюць свае абавязкі па фінансаваньні арганізацыі.

«ЗША плячо ў плячо з нашымі хаўрусьнікамі стварылі альянс NATO, які стаў больш і мацней, чым калі-небудзь, і стаіць на абароне дэмакратыі супраць аўтарытарнай агрэсіі Ўладзіміра Пуціна», — заявіў Джо Байдэн 11 лютага, паведаміў «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША дадаў, што лідэрства Амэрыкі ў сьвеце і падтрымка хаўрусьнікаў мае вырашальнае значэньне для бясьпекі амэрыканскага народу.

«Неабдуманыя выказваньні аб бясьпецы NATO і салідарнасьці вакол Артыкула 5 служаць толькі інтарэсам Пуціна», — працытавала агенцтва Reuters заяву старшыні Эўрапейскай рады Шарля Мішэля.

Дональд Трамп дадаткова не камэнтаваў свае выказваньні.

Выступаючы перад выбарнікамі, экс-прэзыдэнт ЗША і найбольш імаверны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на новыя выбары працытаваў нібыта пытаньне прэзыдэнта неназванай «вялікай краіны»: «Сэр, калі мы не заплацім і на нас нападзе Расея, Вы нас абароніце?»

«Не, я б вас не абараняў. Насамрэч, я б заклікаў іх рабіць усё, што яны хочуць. Вы павінны заплаціць», — сказаў Трамп.

Заявы Трампа прагучалі на фоне таго, як ЗША ўжо некалькі месяцаў ня могуць дамовіцца аб выдзяленьні Ўкраіне 61 мільярда даляраў з-за супраціўленьня рэспубліканцаў у Кангрэсе. 7 лютага Сэнат ЗША ня змог прагаласаваць за законапраект аб узмацненьні міграцыйнай палітыкі, які таксама прадугледжваў дадатковыя сродкі для Ўкраіны, Ізраіля і Тайваня.

Краіны NATO пагадзіліся ў 2014 годзе, што да 2024 году будуць выдаткоўваць мінімальна па 2 працэнты ВУП на абарону. Шмат якія з эўрапейскіх краінаў дагэтуль не дасягнулі гэтага паказьніку.

Паводле артыкулу 5 Статуту NATO, напад на любую краіну альянсу лічыцца нападам на NATO і мае прывесьці да калектыўных абарончых дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG