Экс-прэзыдэнт ЗША і найбольш імаверны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на новыя выбары Дональд Трамп працытаваў нібыта пытаньне прэзыдэнта неназванай «вялікай краіны»: «Сэр, калі мы не заплацім і на нас нападзе Расея, Вы нас абароніце?»
«Не, я б вас не абараняў. Насамрэч, я б заклікаў іх рабіць усё, што яны хочуць. Вы павінны заплаціць», — сказаў Трамп.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што такія заявы «ставяць пад пагрозу жыцьцё амэрыканскіх і эўрапейскіх салдат». Паводле яго, «размовы аб тым, што чальцы абарончага альянсу не абараняюць адзін аднаго, падрываюць агульную бясьпеку». Ён дадаў, што любы напад на краіну NATO сутыкнецца з «аб'яднаным і моцным адказам».
Прадстаўнік Белага дома Эндру Бэйтс, камэнтуючы заяву Трампа, назваў яе «жудаснай» і такой, што «ставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку ЗША».
«Заахвочваньне ўварваньня забойчых рэжымаў да нашых найбліжэйшых саюзьнікаў жахлівае і неапраўданае. Гэта пагражае нацыянальнай бясьпецы ЗША, глябальнай стабільнасьці і нашай эканоміцы», — сказаў Бэйтс.
Краіны NATO пагадзіліся ў 2014 годзе, што да 2024 году будуць выдаткоўваць мінімальна па 2 працэнты ВУП на абарону. Шмат якія з эўрапейскіх краінаў дагэтуль не дасягнулі гэтага паказьніку.
Паводле артыкулу 5 Статуту NATO, напад на любую краіну альянсу лічыцца нападам на NATO і мае прывесьці да калектыўных абарончых дзеяньняў.