Трэцяя перамога Трампа пасьля посьпехаў у Аёве і Нью-Гэмпшыры дапамагае яму ўмацаваць кантроль над партыйнай працэдурай, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле дадзеных Associated Press, у Нэвадзе Трамп атрымаў 98% галасоў.
Галоўны супернік Трампа, экс-губэрнатарка Паўднёвай Караліны Нікі Гэйлі, не атрымала галасоў, бо яе кандыдатура не абмяркоўвалася. Па словах Гэйлі, рэспубліканскія чыноўнікі сфальсыфікавалі працэс праймэрыз і кокусаў у штаце на карысьць Дональда Трампа.
Перамогшы на кокусах, Трамп атрымаў 26 дэлегатаў ад штату.
Ён падзякаваў выбаршчыкам і выказаў меркаваньне, што шлях да перамогі на ўсеагульных выбарах пройдзе праз Нэваду.
6 лютага ў Нэвадзе прайшлі рэспубліканскія і дэмакратычныя праймэрыз. Трамп у іх ня ўдзельнічаў, а Нікі Гэйлі прайграла, саступіўшы графе «супраць усіх». У Дэмакратычнай партыі перамог дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Ён набраў 89 працэнтаў галасоў.
- Дональд Трамп — 45-ты прэзыдэнт ЗША. Ён стаў першым за 250-гадовую гісторыю Злучаных Штатаў прэзыдэнтам, якому былі прад’яўленыя абвінавачаньні па крымінальнай справе — аб спробе адмяніць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
- На пачатку лютага фэдэральны апэляцыйны суд у Вашынгтоне адмовіў Трампу ў імунітэце ад крымінальнага перасьледу. Суд пастанавіў, што пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Трамп стаў звычайным грамадзянінам з тымі ж правамі, што і ўва ўсіх.
- Трамп не прызнае сябе вінаватым. Ён абвінавачвае пракурораў у палітычна матываванай спробе нанесьці шкоду ягонай перадвыбарнай кампаніі. Разам з тым палітык амаль напэўна будзе кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду ад Рэспубліканскай партыі ў лістападзе.