Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад надаў паўнамоцтвы Апэратыўна-аналітычнаму цэнтру самастойна адключаць сувязь


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце (ААЦ) мае паўнамоцтвы самастойна адключаць тэлекамунікацыі, вынікае з пастановы Савета міністраў № 88 ад 6 лютага, паведамляе «Позірк».

Гэты дакумэнт сярод іншага ўдакладняе парадак «прыярытэтнага выкарыстаньня, прыпыненьня або абмежаваньня выкарыстаньня сетак і сродкаў электрасувязі пры ўзьнікненьні надзвычайных сытуацый, увядзеньні надзвычайнага або ваеннага становішча».

Цяпер ААЦ лічыцца адным з прыярытэтных карыстальнікаў сетак і сродкаў электрасувязі ў выпадку надзвычайных сытуацый. Аналягічны статус ужо маюць міністэрствы — абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сытуацыях, а таксама камітэты — пагранічны, мытны, дзяржаўнай бясьпекі.

Статус прыярытэтнага карыстальніка азначае, што пры ўвядзеньні надзвычайнага становішча апэратары электрасувязі даюць доступ да сваіх сетак і сродкаў у першую чаргу «органам унутраных спраў, дзяржаўнай бясьпекі, дзяржаўнай аховы, унутраным войскам, органам і падразьдзяленьням па надзвычайных сытуацыях», а цяпер і ААЦ. Апэратары абавязаныя аказваць ім «іншае садзейнічаньне ў парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца ў акце аб увядзеньні надзвычайнага становішча».

Раней «рашэньні аб прыпыненьні або абмежаваньні выкарыстаньня сеткі электрасувязі агульнага карыстаньня» прымала толькі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі «на падставе звароту прыярытэтных карыстальнікаў». Цяпер такія рашэньні можа прымаць і ААЦ, прычым не чакаючы зваротаў прыярытэтных карыстальнікаў.

Згодна з законам «Аб электрасувязі», пад электрасувязьзю разумеецца «від сувязі, які ўяўляе сабой любыя выпраменьваньні, перадачу або прыём знакаў, сыгналаў, галасавой інфармацыі, пісьмовага тэксту, малюнкаў, гукаў або іншых паведамленьняў па радыёсыстэме, правадной, аптычнай і іншым электрамагнітным сыстэмам».

Сеткай электрасувязі агульнага карыстаньня называецца «комплекс сетак ва ўзаемадзеяньні <...>, прызначаны для аказаньня паслуг электрасувязі ўсім карыстальнікам <...>, у тым ліку па распаўсюду праграм тэлевізійнага вяшчаньня і радыёвяшчаньня». Адзначана, што гэтая сетка «мае далучэньне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў».

Пад абмежаваньнем «функцыянаваньня сетак электрасувязі і сродкаў, якія ў іх уваходзяць», у законе маецца на ўвазе «скарачэньне часу і (або) аб’ёмаў» іх выкарыстаньня, «зьмяненьне рэжымаў працы сродкаў электрасувязі, аб’ёмаў паслуг <...>, у тым ліку забесьпячэньня доступу да інтэрнэт-рэсурсаў».

Створаны ў 2008 годзе Апэратыўна-аналітычны цэнтар — орган, які адказвае за абарону ахоўнай інфармацыі, дзяржаўных сакрэтаў ад уцечкі па тэхнічных каналах, — фактычна зьяўляецца сілавой структурай, якая наглядае за лічбавай прасторай. ААЦ датычны да блякаваньня інтэрнэту падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе, у тым ліку на падставе яго рашэньня блякаваліся рэсурсы незалежных СМІ. Мае тэхнічныя магчымасьці сачыць за грамадзянамі ў інтэрнэце, кантраляваць тэлефонныя перамовы ды іншае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG