Паведамляецца, што «такія шаўроны могуць насіць толькі вайскоўцы, якія прайшлі курс інтэнсіўнай падрыхтоўкі з інструктарамі, якія валодаюць баявым вопытам».
Згаданыя інструктары — былыя ваеўнікі ПВК «Вагнэр», якія зьехалі з Расеі ў Беларусь пасьля няўдалага мяцяжу летам 2023 году.
«Больш чым за паўгоду інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам нашых братоў з Расеі ўнутраныя войскі сталі яшчэ мацнейшымі і значна павысілі свае баявыя магчымасьці. Нядобразычліўцы сочаць за тым, як сур’ёзна мы трэніруемся, і разумеюць, што ў іх няма ніводнага шанцу, калі замахнуцца на Беларусь. Яны бачаць нашы брацкія адносіны паміж унутранымі войскамі і інструктарамі: мы разам, у адным страі, і пераможам любога ворага. Гэта далёка не апошнія зборы, таму байцы авалодаюць яшчэ не адной спэцыялізацыяй, а далей мы прыступім да новага спэцкурсу па баявым зладжваньні падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня», — заявіў на цырымоніі ўручэньня шаўронаў камандуючы Ўнутранымі войскамі, намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў.
Летась у сьнежні Карпянкоў быў заўважаны на вучэньнях унутраных войскаў зь нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэра».
Брытанская выведка заявіла, што цяпер у Беларусі застаецца менш за тысячу баевікоў ПВК «Вагнэр». Расея карыстаецца гэтым, каб прымусіць Украіну ўзмацніць кантроль над мяжой зь Беларусьсю.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы выведкі Міністэрства абароны Брытаніі, апублікаванай у нядзелю, 4 лютага.
«Працяглая прысутнасьць „вагнэраўцаў“ у Беларусі амаль напэўна грае на руку Расеі ў вядзеньні баявых дзеяньняў, паколькі гэта прымушае Ўкраіну падтрымліваць абаронныя пазыцыі і пакідаць асабісты склад на мяжы зь Беларусьсю», — тлумачыцца ў аглядзе.
«Вагнэраўцы» знаходзяцца ў Беларусі з чэрвеня 2023 году, тады іх было 8 тысяч. Яны працягваюць навучаць беларускіх вайскоўцаў, лічаць у брытанскай выведцы.
Паводле дадзеных выведкі, малаверагодна, што Аляксандар Лукашэнка будзе выкарыстоўваць наймітаў ПВК «Вагнэр» па-за межамі іх паўнамоцтваў. Адзначаецца, што цяпер найміты ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы войскаў міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, аднак наўрад ці будуць прымаць непасрэдны ўдзел у падтрыманьні ўнутранай або памежнай бясьпекі ў краіне.