Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скандалу Літва забараніла ўезд былому міліцыянту Маціевічу, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у Беларусі


Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю былому беларускаму міліцыянту Аляксандру Маціевічу, паведаміў агенцтву BNS прадстаўнік дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Рокас Пукінскас.

«Пасьля атрыманьня інфармацыі аб тым, што гэты чалавек уяўляе пагрозу дзяржаўнай бясьпецы, дэпартамэнт міграцыі прыняў пастанову забараніць гэтаму замежніку ўезд у краіну», — паведаміў Пукінскас.

Былы маёр беларускай міліцыі Аляксандар Маціевіч, які браў удзел у здушэньні мірных акцый пратэсту ў 2020 годзе, атрымаў часовы дазвол на жыхарства ў Літве і бесклапотна жыў і працаваў там, пакуль пра яго не расказала арганізацыя BelPol. Паводле арганізацыі, пасьля апублічваньня інфармацыі пра яго знаходжаньне ў краіне Маціевіч «разам з жонкай сьпешна пакінуў Літву і вярнуўся ў Беларусь».

Дэпартамэнт міграцыі пры МУС Літвы пачаў расьсьледаваньне з нагоды гэтага выпадку. 1 лютага ведамства паведаміла аб пазбаўленьні Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, бо ён «„не адпавядае ўмовам“ у дачыненьні да тых, каму выдаюць такі дакумэнт», і зьвярнулася ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, каб той праверыў, ці нясе Маціевіч «пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы».

Міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас адзначыў, што «збой мэханізму праверкі», дзякуючы якому Маціевіч змог атрымаць ДНЖ у Літве, «выглядае вельмі прыкра».

Сам Маціевіч заявіў літоўскім журналістам, што плянуе «далей езьдзіць у Літву», пакуль яго не дэпартавалі, але, калі такое рашэньне будзе прынятае, абскарджваць не плянуе. Ён адмовіўся камэнтаваць інфармацыю пра сваё мінулае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG