Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянта, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у Беларусі і пераехаў у Літву, пасьля выкрыцьця пазбавілі ДНЖ


Першага лютага Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў аб пазбаўленьні грамадзяніна Беларусі Аляксандра Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, бо ён «„не адпавядае ўмовам“ у дачыненьні да тых, каму выдаюць такі дакумэнт», паведамляе Delfi.

Таксама ведамства зьвярнулася ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы. Калі высьветліцца, што Маціевіч нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы, яму забароняць уезд у краіну. Паводле зьвестак МУС Літвы, першы раз Маціевіч прыехаў у Літву з Польшчы, ён меў нацыянальную візу іншай краіны ЭЗ.

Як сьцьвярджае BelPol, былы лідзкі міліцыянт Аляксандар Маціевіч, які пасьля ўдзелу ў рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў у Беларусі пераехаў жыць у Літву, пасьля апублічваньня інфармацыі пра яго знаходжаньне ў краіне «разам з жонкай сьпешна пакінуў Літву і вярнуўся ў Беларусь».

26 студзеня BelPol расказаў аб атрыманьні ад беларускай дыяспары інфармацыі, што ў Літве разам з жонкай жыве былы лідзкі міліцыянт — 33-гадовы Аляксандар Маціевіч. У BelPol высьветлілі, што Маціевіч з 2010 году быў супрацоўнікам МУС, апошняя пасада — старшы інспэктар Інспэкцыі ў справах непаўналетніх Лідзкага РАУС, званьне — маёр міліцыі. У 2020-м ён, паводле BelPol, удзельнічаў у рэпрэсіях супраць мірных грамадзян і нават праходзіў «пацярпелым» у крымінальнай справе, зьвязанай з пратэстамі.

Паводле BelPol, усю наяўную інфармацыю пра Маціевіча перадалі дзяржаўным органам Літвы.

Як даведалася літоўскае выданьне LRT, Маціевіч прыехаў у Літву каля 1,5 года таму, атрымаў дазвол на жыхарства і працу і ўладкаваўся мантажнікам вокнаў у віленскую фірму Europos saugumo garantas. Працадаўца Маціевіча Юрыюс Радзюнас пацьвердзіў выданьню, што ў яго працуе былы міліцыянт: маўляў, той запэўніў, што ня ўдзельнічаў у рэпрэсіях, інакш Радзюнас ня ўзяў бы яго на працу. Пару тыдняў таму Маціевіч папрасіўся ў адпачынак, сказаўшы, што «хоча шукаць іншую працу», дадаў працадаўца.

LRT зьвязалася і з самім Маціевічам. Ён сказаў, што калі яго дэпартуюць, то ён ня будзе абскарджваць рашэньне. Гаварыць пра сваё мінулае ён не захацеў.

Міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас адзначыў, што «збой мэханізму праверкі», дзякуючы якому Маціевіч змог атрымаць ДНЖ у Літве, «выглядае вельмі прыкра». «Я ня ведаю, чаму гэтая сыстэма кантролю не спрацавала. У любым выпадку гэта павінна было спрацаваць, таму што ў свой час фіксавалася, хто ўдзельнічае ў перасьледзе грамадзян у Беларусі, каб не выдаваць ім візы і ўключыць у санкцыйныя сьпісы», — цытуе міністра Delfi.

Ён ня выключыў, што такія дадзеныя пра Маціевіча маглі наагул адсутнічаць, або што да сваіх абавязкаў мог нядбайна паставіцца нехта з работнікаў структур, адказных за праверку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG