Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Сейму Літвы пра выпадак зь беларускім міліцыянтам: гэта не павінна ўплываць на разьмежаваньне беларусаў і расейцаў


Вікторыя Чміліце-Нільсэн
Вікторыя Чміліце-Нільсэн

Скандал зь «бесклапотным жыцьцём» удзельніка рэпрэсій 2020 году ў Літве папрасілі пракамэнтаваць чыноўнікаў краіны.

Лідэрка Лібэральнага руху, старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што сытуацыя, калі былы маёр беларускай міліцыі Аляксандар Маціевіч, які ўдзельнічаў у падаўленьні пратэстаў у сваёй краіне, атрымаў часовы дазвол на жыхарства ў Літве, ня зьменіць ейнае пазыцыі, што абмежаваньні для грамадзян Расеі і Беларусі павінны застацца рознымі.

Яна адзначыла, што ў краіне шмат прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і проста людзей, якія знайшлі ў Літве паратунак ад перасьледу рэжымам Лукашэнкі, піша lrt.lt.

Летась Сейм прыняў закон аб абмежавальных захадах для грамадзянаў Расеі і Беларусі, але для беларусаў увялі менш абмежаваньняў. Дзеяньне закону павінна скончыцца 2 мая гэтага году.

Урад прапануе падоўжыць гэтыя нацыянальныя санкцыі яшчэ на год. Некаторыя палітыкі, у тым ліку прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаюць за тое, каб цалкам ураўнаважыць абмежаваньні супраць расейцаў і беларусаў.

Расейцы і беларусы абмежаваныя ў магчымасьці атрыманьня літоўскіх візаў і электроннага статусу рэзыдэнта. Акрамя таго, грамадзяне Расеі абмежаваныя ў магчымасьці прыехаць у Літву і набыць там нерухомасьць, часова не прымаюцца іх заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Літве.

Першага лютага Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў аб пазбаўленьні грамадзяніна Беларусі Аляксандра Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, бо ён «„не адпавядае ўмовам“ у дачыненьні да тых, каму выдаюць такі дакумэнт».

Таксама ведамства зьвярнулася ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы. Калі высьветліцца, што Маціевіч нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы, яму забароняць уезд у краіну. Паводле зьвестак МУС Літвы, першы раз Маціевіч прыехаў у Літву з Польшчы, ён меў нацыянальную візу іншай краіны ЭЗ.

Як сьцьвярджае BelPol, былы лідзкі міліцыянт Аляксандар Маціевіч, які пасьля ўдзелу ў рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў у Беларусі пераехаў жыць у Літву, пасьля апублічваньня інфармацыі пра яго знаходжаньне ў краіне «разам з жонкай сьпешна пакінуў Літву і вярнуўся ў Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG