9 лютага ў Менску прайшло пасяджэньне калегіі Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці (ДКВП). Як паведамляе афіцыйнае выданьне «Беларусь сегодня», старшыня ДКВП Дзьмітры Пантус заявіў пра новыя задачы канцэрна, якія будуць зьвязаныя з авіябудаваньнем.
«Прынята рашэньне аб распрацоўваньні двухматорнага шматмэтавага самалёта. Да гэтай працы мы прыступілі, для нас гэта новая ніша. Цяпер ідзе фармаваньне каманды, мы падбіраем адмыслоўцаў для канструктарскага бюро. І сумесна з нашымі расейскімі калегамі рэалізуем гэты маштабны праект. З Расеяй у нас вельмі цеснае ўзаемадзеяньне», — заявіў Пантус.
Пантус паведаміў, што, з улікам санкцый і блякаваньня закупкі пэўных камплектуючых, асабліва электронна-кампанэнтнай базы, прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама ў 2021 годзе распрацавалі праграмы імпартазамяшчэньня абароннага сэктару эканомікі.
«Па выніках мінулага года мы вырабілі прадукцыі на суму больш за 38 мільёнаў даляраў ЗША. Гэта менавіта тая беларуская прадукцыя, якая вырабляецца сумесна з прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасьці. Падключаем, вядома ж, Акадэмію навук. У гэтым годзе мы гэту праграму скарэктавалі і вызначылі пляны на наступныя тры гады для вырашэньня тых складаных задач, якія стаяць у частцы імпартазамяшчэньня», — заявіў Дзьмітры Пантус.
Што тычыцца бесьпілётнікаў, то, паводле Пантуса, у канцы мінулага году ва Ўзброеных сілах Беларусі праходзілі дасьледчыя выпрабаваньні двух тыпаў бесьпілётнікаў.
«Адназначна вельмі шмат увагі будзе надавацца напрамку ракетабудаваньня, вядома ж, барацьба з БПЛА. Гэта сёньня ключавое. Тут адзначу, што ў частцы паражэньня нізкалётных бесьпілётных лятальных апаратаў мы прынялі для сябе вельмі сур’ёзнае рашэньне. Цяпер працуем над стварэньнем уніфікаванага комплексу на новых прынцыпах. Гэта ўжо будзе не стралковая зброя, а з выкарыстаньнем у тым ліку і лазэру», — сказаў Пантус.
Выраб БПЛА у Беларусі
У Беларусі вытворчасьцю бесьпілётнікаў займаецца прадпрыемства РУП НПЦ шматфункцыянальных бесьпілётных комплексаў НАН Беларусі.
На прадпрыемстве налічваецца да 100 супрацоўнікаў, найбольш распаўсюджаная мадэль — «Бусел», якая экспартавалася ў Расею, Казахстан, Віетнам, ААЭ і іншыя краіны. Цяпер прадпрыемства знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Летась ДКВП Беларусі аб’явіў аб тым, што канструктарскае бюро «Дысплэй» рыхтуе да запуску лінію па вытворчасьці квадракоптараў ударнага тыпу. Аснашчаныя гэтыя дроны рэактыўнай супрацьтанкавай гранатай. Меркавался, што ў канцы 2023 году гэтыя БПЛА паступяць у беларускае войска.