Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны вырашылі ўдарыць па ахвярах». Як сілавікі спрабуюць зьнішчыць салідарнасьць беларусаў


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Улады працягваюць аказваць ціск на беларусаў. Гэтым разам ахвярамі сталі сваякі палітвязьняў, якім дапамагаюць з-за мяжы. Як у такой сытуацыі працягваць дапамагаць і не рызыкаваць свабодай асобаў у краіне?

На мінулым тыдні ў Беларусі адбыліся масавыя ператрусы. 23 студзеня супрацоўнікі міліцыі і КДБ прыйшлі да сваякоў палітвязьняў, а таксама да саміх былых зьняволеных. Паведамляецца, што як мінімум 182 асобы былі затрыманыя (па стане на 29 студзеня - РС), некаторых адпусьцілі дадому. У пастановах фігуравалі артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні».

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, крымінальныя справы заводзяць на людзей, якія куплялі прадукты для палітвязьняў і іхных сваякоў. Онлайн-закупкі праз дастаўку крамаў «Эўраопт» і «Гіпа» расцэньваюць як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», падчас масавага рэйду сілавікоў да сваякоў палітвязьняў супрацоўнікі КДБ пыталіся, «хто дапамагае зь перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі». Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат з «Е-кошыкаў», шукалі ў тэлефонах аплікацыі замежных банкаў, а таксама патрабавалі патлумачыць грашовыя пераводы на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядалі аплаты ў сэрвісах зь літоўскіх і польскіх картак і зьбіралі інфармацыю пра сумы аплаты.

Некаторым людзям сілавікі сказалі, што арышты зьвязаныя з праектам INeedHelpBY, які ў той жа дзень прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Гэта ініцыятыва, якая дазваляла кожнаму ахвотнаму апекавацца з-за мяжы адной ці некалькімі сем’ямі, пацярпелымі ад рэпрэсій, у тым ліку купляць людзям неабходны харч.

Кіраўнік праекту INeedHelpBY Філіп Гаўрышаў паведаміў, што ўзломаў сыстэмы і выцекаў інфармацыі зь іх боку не было.

Таксама ў першы дзень рэйдаў у тэлеграм-каналах сілавікоў зьявіліся скрыншоты зь нібыта сьпісам данатараў Фонду салідарнасьці BySol. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак зьняпраўдзіў гэта, кажучы, што сыстэма знаходзіцца ў бясьпецы, яна выглядае па-іншаму і ні такой табліцы, ні такіх зьвестак яны не вядуць. А кібэратака, якая адбылася напярэдадні, была пасьпяхова адбітая. Ён запэўнівае, што іхныя каналы і мэтады дапамогі не былі пашкоджаныя, але яны робяць высновы, шукаюць слабыя месцы, каб працягваць працаваць.

Па вэрсіі Стрыжака, сілавікі проста атрымалі доступ да службаў дастаўкі, бо «ўвесь беларускі бізнэс пад прымусам можа выдаць усё, што ведае пра сваіх кліентаў».

«Яны працуюць паводле тых дадзеных, якія ёсьць у іх у доступе ў межах актараў унутры Беларусі. Фактычна вы бачыце сьпіс людзей, на адрасы якіх паступае дастаўка. Можна паглядзець, зь якіх картак яна аплачваецца. Калі сілавікі бачаць, што гэтых картаў шмат, яны не належаць па прозьвішчах тым людзям, якія жывуць па гэтых адрасах, або прозьвішчах сваякоў палітвязьняў, то, відавочна, хтосьці іншы рабіў гэтыя заказы… Калі ёсьць сьпіс палітвязьняў і адрасоў, дзе жывуць іхныя сваякі, то тут ня трэба асаблівых матэматычных ці сьледчых дзеяньняў, каб вылічыць гэтую заканамернасьць»,-- кажа Андрэй Стрыжак.

Мэтанакіраваная акцыя супраць салідарнасьці?

У Беларусі і раней былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі за праявы салідарнасьці з рэпрэсаванымі. Часьцей за ўсё перасьледуюць за актыўнасьць у сеціве, калі чалавек робіць рэпост ці пакідае камэнтар, але ня менш менавіта за фінансавую падтрымку. Нездарма днямі на МКАД зьявіўся тэматычны плякат.

Паводле кіраўніка BySol Андрэя Стрыжака, беларускія ўлады пабачылі, што салідарнасьць беларусаў не згасае, таму вырашылі «ўдарыць з другога боку».

«Яны вырашылі ўдарыць па ахвярах, па тых, хто атрымлівае дапамогу, каб адбіць у іх жаданьне зьвяртацца па гэтую дапамогу. Канешне, для нас гэта выклік. Мы разумеем, што трэба адаптаваць свае дзеяньні пад новыя рэаліі. Там, дзе можна, мы будзем карэктаваць свае мэханізмы і альгарытмы і працаваць далей, таму што дапамагаць гэтым людзям усё роўна трэба. Так ці інакш, наша салідарнасьць ня спыніцца з гэтымі накатамі і наездамі».

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Гарбунова кажа, што яшчэ дакладна невядома, ці сапраўды затрыманьні зьвязаныя з тым, што палітзьняволеным і іх сваякам аказвалася дапамога ад праваабарончых арганізацый і салідарных беларусаў і беларусак.

«Але калі гэта праўда, не магу гэта назваць іначай, як цынізмам», – кажа Гарбунова.

Паводле яе, «салідарнасьць крыецца не пад шыльдамі BySol ці INeedHelpBY. Хоць нехта вельмі крыўдлівы і помсьлівы не стамляецца наносіць сьвежыя раны кожны дзень, палітзьняволеным дапамагае велізарная колькасьць людзей у Беларусі і за яе межамі».

Данаты праз Facebook

На пачатку 2023 году было шмат спраў, зьвязаных з данатамі ў фонды салідарнасьці BySol і ByHelp праз Facebook. Сілавікі тады масава затрымлівалі людзей і прымушалі прызнавацца ў ахвяраваньнях. Пасьля гэтага іх змушалі сплаціць «кампэнсацыю» дзяржаве ў шматразовым памеры ад сумы данату.

Экспэрт у лічбавых свабодах праваабарончай арганізацыі Human Constanta на ўмовах ананімнасьці патлумачыў Радыё Свабода, што ў выпадку з транзакцыямі ўнутры Беларусі можна забыцца пра банкаўскую таямніцу, бо ўсе яны даступныя сілавікам. Адпаведна, усё, што пераводзілася на рахунак Facebook ці іншых плятформаў, празь якія ідзе фандрайзінг, зьяўляецца празрыстай інфармацыяй.

«Але важна адзначыць, што банк бачыць толькі наяўнасьць пераводу на замежны рахунак. Ён ня бачыць канкрэтна, на што пераводзіліся грошы».

Экспэрт кажа, што сілавікам дастаткова ўбачыць замежны перавод, а пасьля зайсьці на старонку чалавека і паглядзець, на што менавіта ён данаціў. Нават калі гэтая інфармацыя схаваная ад публічнага доступу, то яе лёгка адшукаць ужо пасьля затрыманьня асобы. Праваабаронцы ведаюць пра выпадкі, калі сілавікі, не правяраючы папярэдне, затрымлівалі людзей за сам факт данату праз Facebook.

Але ёсьць два варыянты, як сябе абараніць. Самы просты – цалкам выдаліць старонку і завесьці новы акаўнт на Facebook. Другі – паспрабаваць падчысьціць усе сьляды данату праз службу падтрымкі. І ў размове зь сілавікамі застаецца тлумачыць, што гэта быў данат на нешта іншае, а не на фонды салідарнасьці.

«Акрамя тэхнічнага боку, ёсьць і важны юрыдычны чыньнік. На той момант, калі людзі данацілі, гэтыя зборы і арганізацыі не былі прызнаныя экстрэмісцкімі, адпаведна, ніякага парушэньня заканадаўства не было. Тое, што зараз закон выкарыстоўваюць са зваротнай сілай, гэта прамое парушэньне прававых прынцыпаў», – кажа экспэрт Human Constanta.

Як дапамагаць родным палітвязьняў і не падставіць іх пад удар?

Атрыманьне прадуктаў зь «Едастаўкі», іншых онлайн-сэрвісаў не зьяўляецца злачынствам, кажуць экспэрты. Як і наагул атрыманьне рэчавай ці фінансавай дапамогі. Але ў выпадку пражываньня ў Беларусі варта мінімізаваць рызыкі.

Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак зьвяртае ўвагу на тое, што тым, хто знаходзіцца ў Беларусі і хоча дапамагаць, трэба чарговы раз паклапаціцца пра сваю «лічбавую гігіену». То бок праверыць свае дэвайсы, перапіскі і падпіскі ў іх, каб яны захоўваліся пад кантролем саміх людзей, а не сілавікоў.

«Вельмі шмат інфармацыі сілавікі атрымліваюць праз так званыя лічбавыя сьляды, якія пакідаюць людзі пасьля сябе, маючы падпіскі або перапіскі, якія могуць быць трактаваныя як крымінальныя з боку ўладаў. Тым, хто хоча дапамагаць унутры Беларусі, трэба больш думаць пра тое, якімі мэтадамі карыстацца, каб гэта ўвогуле не сьвяцілася ў лічбавых сыстэмах. Старога добрага кэшу ніхто не адмяняў, і добрага чалавечага ўзаемадачыненьня таксама. Я думаю, што ўсё будзе выходзіць на гэты ўзровень».

Гэтак сама гаворыць і экспэрт у лічбавых свабодах з Human Constanta. Для тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі і хоча зьвярнуцца непасрэдна да сем’яў палітвязьняў, трэба памятаць, што ўсе электронныя сродкі сувязі пад пагрозай і могуць кантралявацца: мабільная сувязь, банкаўскія транзакцыі і электронныя кашалькі.

«Усё, што застаецца, – гэта дапамога «з рук у рукі» або вельмі асьцярожнае выкарыстаньне крыптавалют», – мяркуе суразмоўца.

Калі ўмоўны донар знаходзіцца за мяжой і ня можа непасрэдна зьвязацца зь сем’ямі палітвязьняў, то лепш вярнуцца да правераных фондаў салідарнасьці, якія маюць гэтыя каналы, даказалі сваю эфэктыўнасьць і могуць пераводзіць дапамогу бясьпечна, кажа экспэрт. У выпадку з новымі ініцыятывамі варта не баяцца задаваць пытаньні пра іх меры бясьпекі.

«Складана даваць унівэрсальныя парады, бо рызыкі ўзрастаюць. Адпаведна, тое, што цяпер лічыцца легальным або зь невялікім пакараньнем, праз год можа быць крыміналізаванае. Адна парада – гэта разглядаць сытуацыю так, што заўсёды можа быць горш, і адпаведна выстройваць свае практыкі бясьпекі», – кажа спэцыяліст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG