Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Вашынгтоне адмовіў Дональду Трампу ў імунітэце ад крымінальнага перасьледу


Дональд Трамп
Дональд Трамп

6 лютага Фэдэральны апэляцыйны суд у Вашынгтоне адмовіў 45-му прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу ў імунітэце ад крымінальнага перасьледу ў справе аб спробе адмяніць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Суд пастанавіў, што пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Трамп стаў звычайным грамадзянінам з агульнадаступнымі спосабамі абароны ад крымінальнага перасьледу.

«У рамках гэтай крымінальнай справы былы прэзыдэнт Трамп стаў грамадзянінам Трампам, — цытуе рашэньне судзьдзяў „Голос Америки“. — Ніякі імунітэт выканаўчай улады, які мог абараніць яго, пакуль ён займаў пасаду прэзыдэнта, больш не абараняе яго ад гэтага абвінавачаньня».

У рашэньні калегіі з трох судзьдзяў адзначаецца, што абсалютны імунітэт паставіў бы прэзыдэнта вышэй за ўсе галіны ўлады, што небясьпечна для канстытуцыйнай сыстэмы ўлады.

Адвакаты Трампа сьцьвярджаюць, што былыя прэзыдэнты маюць права на шырокую прававую абарону і ня могуць трапіць пад крымінальны перасьлед за службовыя дзеяньні, калі толькі Палата прадстаўнікоў не абвесьціць ім імпічмэнт, а Сэнат не адхіліць іх ад пасады.

Абвінавачаньні зьвязаныя з аспрэчваньнем Трампам вынікаў выбараў прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе, калі ў Джорджыі ён зь невялікім адрывам саступіў дэмакрату Джо Байдэну. У абвінаваўчым заключэньні сьцьвярджаецца, што Трамп і зьвязаныя зь ім людзі аказвалі ціск на чыноўнікаў штату з мэтай зьмяніць вынікі галасаваньня і прызначыць чальцоў калегіі выбарнікаў, якія галасавалі б за Трампа, а не за Байдэна. Гэта ўжо чацьвёртая крымінальная справа супраць Трампа.

Трамп не прызнае сябе вінаватым і абвінавачвае пракурораў у палітычна матываванай спробе нанесьці шкоду ягонай перадвыбарнай кампаніі. Палітык амаль напэўна будзе кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду ад Рэспубліканскай партыі ў лістападзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG