Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус Павал Юшкевіч, якога хацелі дэпартаваць з Польшчы пасьля 20 гадоў жыцьця, знайшоў спосаб затрымацца ў краіне


Павал Юшкевіч, архіўнае фота героя
Павал Юшкевіч, архіўнае фота героя

Павал Юшкевіч, якога польскія спэцслужбы палічылі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», павінен быў пакінуць Польшчу да 4 лютага. Каб пазьбегнуць дэпартацыі, ён вырашыў падаваць заяву на міжнародную абарону. Пра гэта ён расказаў выданьню MOST.

«Сёньня падаюся на міжнародную абарону, падалі скаргу ў суд, — паведаміў Павал Юшкевіч выданьню 6 лютага. — Пакуль разглядаецца справа аб абароне, я магу знаходзіцца ў Польшчы, таму спадзяюся, што ўсё вырашыцца на судзе і гэты кашмар скончыцца».

Разам з хадайніцтвам аб наданьні міжнароднай абароны Павал плянуе падаць заяву аб дазволе на працу. Ён выкладае ва ўнівэрсытэце Мікалая Каперніка ў Торуні і ўнівэрсытэце WSB Merito ў Быдгашчы.

38-гадовы грамадзкі актывіст і выкладчык Унівэрсытэту імя Мікалая Каперніка ў Торуні, беларус Павал Юшкевіч жыве ў Польшчы ўжо 20 гадоў, 11 зь іх ён змагаецца за магчымасьць жыць у краіне.

Павал Юшкевіч пераехаў у Польшчу ў 17 гадоў. Вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Торуні на кірунках «Пэдагогіка» і «Міжнародныя адносіны». Меў узнагароду «Найлепшы іншаземны студэнт Польшчы». Атрымаў ступень магістра расейскай філялёгіі, абараніў доктарскую дысэртацыю. У 2008 годзе атрымаў пастаянны дазвол на жыхарства на падставе польскіх каранёў.

У 2012-м Павал падаў дакумэнты на польскае грамадзянства, але яму адмовілі: прычыну патлумачылі коратка — знаходжаньне Паўла ў краіне можа ствараць пагрозу для бясьпекі Польшчы. Такое заключэньне зрабіла Агенцтва ўнутранай бясьпекі краіны (ABW). Чаму такую характарыстыку яму напісалі спэцслужбы, Павал дагэтуль ня ведае — ейны зьмест засакрэчаны. Спробы даведацца выніку не далі нават праз суды.

5 студзеня сёлета ён атрымаў ліст з адміністрацыі ў справах іншаземцаў. Зь яго вынікае, што ў Паўла забіраюць дазвол на жыхарства, які яму выдалі ў 2008 годзе. Да таго ж беларусу трэба цягам 30 дзён выехаць з Польшчы. У адваротным выпадку памежная служба пачне сваю працэдуру, і тады яго могуць дэпартаваць у Беларусь. Павал Юшкевіч абскардзіў гэтае рашэньне ў Абласным адміністрацыйным судзе.

Беларус мяркуе, што вяртацца на радзіму для яго небясьпечна. З 2006 году ён быў беларускім актывістам у Польшчы, зьвяртаў увагу на сытуацыю ў Беларусі, ладзіў з паплечнікамі беларускія дні, беларускія канфэрэнцыі. Ён адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў Торуні. У Беларусі быў апошні раз у 2019 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG