Паводле грузінскай спэцслужбы, былы жыхар Грузіі, Андрэй Шарашыдзэ, які названы адэскім актывістам кіроўнай украінскай партыі «Слуга народу», адправіў з Адэсы ў Варонеж шэсьць выбуховых прыстасаваньняў з 15 кіляграмамі магутнага выбуховага рэчыва С-4.
Выбуховыя прылады былі замаскаваныя пад акумулятары і перавозіліся на мінівэне з украінскімі нумарамі праз Румынію, Баўгарыю і Турэччыну.
Паведамляецца, што ў Грузіі мясцовым спэцслужбам удалося незаўважна абясшкодзіць прылады і затым надаць кантэйнэрам ранейшы від звычайных акумулятараў.
Адзін з акумулятараў перавозчыкі зь нявызначанай пакуль мэтай пакінулі на кватэры ў Тбілісі, а другі, з трыма абясшкоджанымі выбуховымі прыстасаваньнямі, адвезьлі да памежнага пункту Казьбегі, на паўночнаасэтынскім участку грузіна-расейскай мяжы.
Затрыманьні і канфіскацыю прыладаў супрацоўнікі дзяржбясьпекі Грузіі зрабілі на грузіна-расейскай мяжы сумесна з супрацоўнікамі дэпартамэнту памежнай паліцыі.
Грузінская спэцслужба сьцьвярджае, што ў выпадку прывядзеньня гэтых прылад у дзеяньне ў шматлюдным месцы тэракт мог прывесьці да шматлікіх ахвяраў і разбурэньня інфраструктуры, а адказнасьць магла быць ускладзеная на Грузію, паколькі яе тэрыторыя была выкарыстаная для перапраўкі выбухоўкі.
Па словах супрацоўнікаў спэцслужбы, перавозчыкі грузу маглі ня ведаць, што менавіта яны перавозяць пад выглядам звычайных акумулятараў. Ня выключана, што Тбілісі гатовы супрацоўнічаць з Масквой у расьсьледаваньні гэтай справы.