Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасады Швэцыі і Вялікай Брытаніі заклікалі вызваліць палітвязня Аляксандрава, якога зьняволілі 2 гады таму


Андрэй Аляксандраў. Архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў. Архіўнае фота

Вызваліць былога намесьніка дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітзьняволенага Андрэя Аляксандрава заклікалі 5 лютага амбасады Швэцыі і Вялікай Брытаніі ў Беларусі, паведамляе БАЖ.

«Журналіста і мэдыямэнэджара зьняволілі ў студзені 2021 году, судзілі за зачыненымі дзьвярыма і прыгаварылі да 14 гадоў зьняволеньня паводле чатырох артыкулаў, у тым ліку за „здраду дзяржаве“. Салідарнасьць не злачынства. Фундамэнтальныя свабоды павінны быць гарантаваныя. Вызваліце Андрэя!» — гаворыцца ў ідэнтычных заявах замежных дыппрадстаўніцтваў.

Аляксандрава і ягоную сяброўка, а цяпер жонку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 году Менскі абласны суд (судзьдзя Вячаслаў Тулейка, уключаны ў санкцыйныя сьпісы дэмакратычных краін Захаду) прысудзіў ім 14 і 9 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна.

Аляксандрава абвінавацілі ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 3611), «здрадзе дзяржаве» (арт. 356), «нявыплаце падаткаў у буйным памеры» (ч. 2 арт. 243), «падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках» (ч. 2 арт. 342) Крымінальнага кодэксу, што выяўлялася ў пагашэньні штрафаў удзельнікам пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Злобіну абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і «падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках».

Першага аштрафавалі на 1000 базавых велічынь (на той момант 32 тыс. рублёў), другую — на 800 (25,6 тыс. рублёў).

Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Аляксандраў утрымліваецца ў наваполацкай калёніі № 1 (Віцебская вобласьць). Раней здабываў медзь з кабэляў, цяпер у цэху дрэваапрацоўкі зьбівае паддоны. 29 студзеня стала вядома, што ў калёніі, дзе знаходзіцца мужчына, падобна, эпідэмія грыпу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мэдчастка папраўчай установы перапоўненая, у атрадах № 2 і № 10 з вострай рэсьпіраторна-віруснай інфэкцыяй «зьлегла палова асуджаных». Гаворка пра «сотні чалавек».

Праз эпідэмію зьняволеным забаранілі тэлефонныя званкі.
Інфармагэнцтва БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў у 2014–2018 гадах, 1 лістапада 2021 года на падставе рашэньня КДБ было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем». Яно стала першым беларускім незалежным СМІ з такім статусам. Кампанія працавала з 1991 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG