Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы Article 19 запатрабавалі вызваленьня мэдыямэнэджара Аляксандрава і яго жонкі Злобінай


Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна. Ілюстрацыйны каляж
Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна. Ілюстрацыйны каляж

У трэція ўгодкі затрыманьня мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягонай жонкі Ірыны Злобінай брытанская праваабарончая арганізацыя Article 19 запатрабавала вызваленьня іх і ўсіх беларускіх палітвязьняў.

У заяве Article 19 нагадваюцца падрабязнасьці затрыманьня Аляксандрава і Злобінай, інфармацыя аб выстаўленых ім абвінавачаньнях і прысудзе.

Супрацоўніца арганізацыі Джаана Шыманская адзначае, што «Андрэй — перакананы прыхільнік свабоды прэсы, які раней працаваў з арганізацыямі, якія займаюцца пытаньнямі свабоды выказваньня думак, а таксама ў журналістыцы, у тым ліку ў якасьці калегі ў Article 19».

Праваабаронца адзначае, што Аляксандраву «спрабавалі адпраўляць лісты, але апошні адказ ад Андрэя датаваны 2021 годам». На яе думку, гэта можа сьведчыць аб тым, што «ён не атрымлівае нашы лісты», паколькі «з такой сытуацыяй сутыкаюцца многія палітвязьні ў Беларусі». Нягледзячы на гэта, адзначае Шыманская, «нашы думкі нязьменна з Андрэем і Ірынай, і мы працягнем нашу працу для іх вызваленьня».

Article 19 падкрэсьлівае, што трэцяя гадавіна затрыманьня Аляксандрава і Злобінай супадае з судовым працэсам над відэааператарам Аляксандрам Зянковым, якога «арыштавалі ў чэрвені 2023 году і абвінавацілі ў экстрэмісцкай дзейнасьці».

  • Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Менскі абласны суд (судзьдзя Вячаслаў Тулейка, уключаны ў санкцыйныя сьпісы дэмакратычных краін Захаду) прыгаварыў мэдыямэнэджара да 14 гадоў пазбаўленьня волі, яго жонку — да 9.
  • Аляксандраў быў абвінавачаны ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 3611), «здрадзе дзяржаве» (арт. 356), нявыплаце падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243), падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках (ч. 2 артыкула 342 КК), што выяўлялася ў пагашэньні штрафаў удзельнікам пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Злобіна абвінавачвалася ў «здрадзе дзяржаве» і падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках. Першы аштрафаваны на 1000 базавых велічыняў (на той момант 32 тыс. рублёў), другая — на 800 (25,6 тыс.).
  • Аляксандраў утрымліваецца ў наваполацкай папраўчай калёніі № 1, раней выдзяляў медзь з кабэляў, цяпер у цэху дрэваапрацоўкі зьбівае паддоны. Злобіна адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі, працуе ў швейным цэху, атрымала 4-ы разрад (пашыў вырабаў сярэдняй складанасьці).
  • 1 верасьня 2022 года Аляксандраву і Злобінай далі магчымасьць аформіць шлюб у СІЗА № 1 (Менск). Перапіска паміж імі дазволеная.
  • Інфармагенцтва БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў у 2014–2018 гадах, 1 лістапада 2021 года рашэньнем КДБ прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем», стаўшы першым СМІ ў такім статусе. Кампанія працавала з 1991 года.
  • Article 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, якая накіравана на абарону і садзейнічаньне свабодзе выказваньня думак і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19 артыкулу Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, які абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў і на свабоднае выказваньне іх; гэтае права ўключае свабоду бесьперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананьняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG