Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналіст Аляксандраў у калёніі працуе на дрэваапрацоўцы, у Фядуты абвастрыліся праблемы з сэрцам


Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота

На 16 чэрвеня 2023 году праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зьняволенымі 1493 чалавекі. Паводле іншых праваабарончых ініцыятываў, палітвязьняў можа быць больш.

Мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў за дапамогу рэпрэсаваным за масавыя пратэсты 2020 году.

Беларускай асацыяцыі журналістаў сталі вядомыя дэталі яго ўвязьненьня ў наваполацкай калёніі.

Як і для бальшыні палітычных вязьняў, сувязь з журналістам абмежаваная: больш-менш стабільнае ліставаньне толькі з блізкімі сваякамі, астатняя карэспандэнцыя фільтруецца ці наагул блякуецца.

Стала вядома, што ў калёніі Андрэй Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі. З досьведу іншых вязьняў калёніі, якія пасьля выхаду дэманстравалі разьліковыя лісткі, месячны заробак там рэдка перавышае некалькі рублёў.

У калёніі Аляксандраў выпісвае спартовае выданьне «Прессбол».

Акрамя таго, для падтрыманьня фізычнай формы ў графіку палітвязьня абавязковыя зарадка і практыкаваньні. Вядома, што пасьля арышту Андрэй Аляксандраў моцна схуднеў. Агулам палітвязень трымаецца бадзёра.

  • Летась 6 кастрычніка судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка ў закрытым рэжыме агучыў тэрміны пакараньня для абвінавачаных у «справе БелаПАН». Андрэй Аляксандраў атрымаў найбольшы тэрмін — 14 гадоў калёніі, Ірына Злобіна — 9 гадоў, Дзьмітры Наважылаў — 6 гадоў, Ірына Леўшына — 4 гады. Акрамя таго, усім прызначылі буйныя штрафы, у прыватнасьці, Андрэю Аляксандраву больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце.
  • Яшчэ да разгляду апэляцыі Андрэя Аляксандрава перавялі ў СІЗА № 2 Віцебску, а якраз пад дзень нараджэньня этапавалі ў наваполацкую папраўчую калёнію № 1.

У Аляксандра Фядуты узмацніліся праблемы са здароўем

Сёлета Фядута трапляў у турэмную бальніцу. У яго абвастрыліся праблемы з сэрцам, зьявіліся ацёкі, паведамляе «Народная Воля».

Таксама ёсьць праблемы з нагамі: яшчэ ў СІЗА журналісту перадалі кіёк, зь якім ён ходзіць і ў магілёўскай калёніі. Хаця, паводле пэўных зьвестак, зараз ён пачуваецца лепш, чым у пачатку году.

Блізкія Аляксандра Фядуты не даюць ніякай інфармацыі ў СМІ, «каб не нашкодзіць». Але ад былых калег Фядуты па зьняволеньні стала вядома, што журналіст пазбаўлены перадачаў да кастрычніка. Яму перадаюць толькі лекі.

  • Літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту летась асудзілі ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» на 10 гадоў і накіравалі адбываць пакараньне ў Магілёўскую калёнію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG