Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Брытаніі патлумачыла, для чаго ў Беларусі застаецца тысяча «вагнэраўцаў»


Нашыўка ПВК «Вагнэр»
Нашыўка ПВК «Вагнэр»

Брытанская выведка заявіла, што цяпер у Беларусі застаецца менш за тысячу баевікоў ПВК «Вагнэр». Расея карыстаецца гэтым, каб прымусіць Украіну ўзмацніць кантроль над мяжой зь Беларусьсю.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы выведкі Міністэрства абароны Брытаніі, апублікаванай у нядзелю, 4 лютага.

«Працяглая прысутнасьць «вагнэраўцаў» у Беларусі амаль напэўна грае на руку Расеі ў вядзеньні баявых дзеяньняў, паколькі гэта прымушае Ўкраіну падтрымліваць абаронныя пазыцыі і пакідаць асабісты склад на мяжы зь Беларусьсю», – тлумачыцца ў аглядзе.

«Вагнэраўцы» знаходзяцца ў Беларусі з чэрвеня 2023 году, тады іх было 8 тысяч. Яны працягваюць навучаць беларускіх вайскоўцаў, лічаць у брытанскай выведцы.

Паводле дадзеных выведкі, малаверагодна, што Аляксандар Лукашэнка будзе выкарыстоўваць наймітаў ПВК «Вагнэр» па-за межамі іх паўнамоцтваў. Адзначаецца, што цяпер найміты ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы войскаў міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, аднак наўрад ці будуць прымаць непасрэдны ўдзел у падтрыманьні ўнутранай або памежнай бясьпекі ў краіне.

У студзені паведамлялася, што ва Ўнутраных войсках МУС Беларусі працягваюцца трэніроўкі з байцамі ПВК «Вагнэр». У прыватнасьці, было створана некалькі атрадаў спэцназу.

Ва Ўнутраных войсках МУС Беларусі за год стварылі пяць новых падразьдзяленьняў і два атрады добраахвотнікаў.

  • 23 жніўня 2023 году ў Цьвярской вобласьці РФ разьбіўся самалёт Embraer Legacy 600. Расавіяцыя пацьвердзіла, што на борце былі кіраўнік вагнэраўцаў Яўгені Прыгожын і яго намесьнік Дзьмітры Уткін. Аварыя адбылася праз два месяцы пасьля няўдалай спробы бунту вагнэраўцаў.
  • Празь некаторы час пасьля бунту Расея пачала рэабілітаваць некаторыя элемэнты ПВК: як паведамлялі ў брытанскай выведцы, баевікам ПВК «Вагнэр» выдалі афіцыйныя дакумэнты, якія вызначаюць іх як вэтэранаў баявых дзеяньняў. Таксама ПВК была ўключаная ў структуру Расгвардыі.
  • У студзені паведамлялася, што Расея перакінула рэшткі ПВК «Вагнэр» на Аўдзееўскі кірунак у Данецкай вобласьці
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG