Крытык Адам Стывэнсан называе раман Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха», на сюжэце якога заснаваная опэра, «гатычным». Ён зьвяртае ўвагу на тое, што трупа Свабоднага тэатра зазнала перасьлед у сябе на радзіме. І называе «непрымірымую» беларускамоўную пастаноўку «найвялікшай палітычнай заявай» — бо выкарыстаньне беларускай мовы ў Беларусі абмяжоўваецца Аляксандрам Лукашэнкам.
У цэлым Адам Стывенсан называе «Дзікае паляваньне караля Стаха» амбіцыйнай і ўнікальнай опэрай зь яркімі візуальнымі эфэктамі, з атмасфэрай, якая выклікае роздумы, аднак багацьце якіх часам перагружае гісторыю.
Тэатральны крытык Анджэй Лукоўскі музыку Вольгі Падгайскай лічыць «абсалютна фэнамэнальнай», а візуальнае афармленьне ад відэадызайнэра Дзьмітрыя Гука неймаверным.
Аднак, на думку крытыка, лібрэта Андрэя Хадановіча шалёна скача, рэзка ўкідваючы ў апавяданьне новых пэрсанажаў і раптоўна пашыраючы маштаб дзеяньня далёка за межы першапачатковага замка ў балотах. Яшчэ больш цяжкасьцяў для гледача, які не валодае беларускай мовай, дадае туман, які пастаянна клубіцца па сцэне і перакрывае англамоўныя субтытры.
Зрэшты, на думку крытыка, такое тэхнічна складанае шоў працавала надзвычай добра і пасьля дапрацовак яно цалкам можа стаць яшчэ лепшым, таму што «зь яго зачараваных праходаў спрабуе выбрацца нешта сапраўды экстраардынарнае».
«Пастаноўкі беларускага Свабоднага тэатра, трупы, народжанай у падпольлі, звычайна абʼядноўвае павышэньне палітычнай сьвядомасьці з экспэрымэнтальнай аповесьцю, напоўненай эрудыцыяй.
Казкі, вядома, ужо даўно маюць магутны палітычны падтэкст, і гэтая пастаноўка, адаптаваная Мікалаем Халезіным, які таксама зьяўляецца адным з рэжысэраў разам з Натальляй Калядай, дакладна нясе ў сабе водгульле нашых дзён зь іх бунтамі, паўстаньнямі і лжывымі мітамі, якія падтрымліваюцца карумпаванымі ўладамі.
Сюжэт. Заснаваная на рамане Ўладзіміра Караткевіча 1964 году, опэра мае клясычную структуру зборніка апавяданьняў: дзеяньне адбываецца ў XIX стагодзьдзі і гісторыя расказаная ад імя пажылога беларускага этнографа Андрэя (Андрэй Бандарэнка). Ён апавядае пра сваю юнацкую сустрэчу з Надзяй (Тамара Калінкіна), жанчынай высакароднага паходжаньня, якая трапіла ў пастку сямейнага праклёну. Ён быў закладзены некалькі пакаленьняў таму каралём Стахам, які разам са сваімі людзьмі быў ашуканы сваім продкам, які прымусіў яго выпіць атруту, і цяпер усе яны блукаюць па зямлі прывідамі.
Характэрна, што ў шоў бяруць удзел як беларускія выканаўцы, так і ўкраінскія артысты, у першую чаргу Андрэй Бандарэнка і вядучае сапрана Тамара Калінкіна, абодва валодаюць магутным вакалам і непаўторнай манэрай трымацца на сцэне.
Аднак опэра ня мае той жа палітычнай подбіўкі, што апошняя праца тэатра «Сабакі Эўропы», у якой таксама выкарыстоўваліся казачныя вобразы, але якая ўяўляла сабой значна больш уцямны камэнтар да вайны і дыктатуры. «Кароль Стах» — гэта пераважна гісторыя пра дом з прывідамі — жудасная, атмасфэрная і бездакорна перанесеная на сцэну пад чароўную музыку (напісаную Вольгай Падгайскай на лібрэта Андрэя Хадановіча)».
«Паралелі зь сёньняшнім днём відавочныя. Гісторыя Караткевіча адначасова містычная і сучасная, гістарычная і жывая. Як кажа дырэктарка Беларускага Свабоднага тэатра Натальля Каляда: «Дзікае паляваньне нагадвае нам, што мінулае не памерла, яно сёньня тут, у Эўропе, і мы павінны зрабіць усё, што ў нашых калектыўных сілах, каб спыніць яго». Акрамя таго, яна тлумачыць, што яны ня толькі надалі гісторыі «новы тон, абʼяднаўшы опэрных сьпевакоў з акторамі тэатра, клясычных музыкантаў з новымі тэатральнымі тэхналёгіямі», але і імкнуліся абʼяднаць артыстаў зь Беларусі і Ўкраіны, якія, вымушаныя ўцякаць ад тыраніі, перасьледу і вайны, ня могуць сёньня выступаць на сваёй радзіме. Да сямі актораў пастаяннай трупы Беларускага свабоднага тэатру, якія выгнаныя са сваёй беларускай радзімы і цяпер жывуць у Польшчы і Вялікабрытаніі, далучыліся пяць опэрных сьпевакоў з Украіны, а таксама сем клясычных музыкаў.
«Дзікае паляваньне» надзвычай амбіцыйнае, падкрэсьлена правакацыйнае і натхняльна творчае. Часам нават занадта.
«Дзікае паляваньне караля Стаха» — гэта палітычная заява, якая дэманструе салідарнасьць паміж беларусамі і ўкраінцамі, якіх абʼядноўвае поўнае асуджэньне вайны ва Ўкраіне. На заслоне былі злучаныя сьцягі дзьвюх краін. Гледачам былі ўручаныя паштоўкі і папяровыя самалёцікі, упрыгожаныя малюнкамі дзяцей, якія пацярпелі ад цяперашняй сытуацыі ў Беларусі і Ўкраіне.
Але гэта таксама надзіва багатае мастацтва. У заключнай прамове Натальля Каляда заклікала нас захоўваць надзею. Беларусь жывая, пакуль жыве мова ў песьнях».