Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрымалі журналістаў на акцыі жонак мабілізаваных ля Крамля


Ілюстрацыйнае фота. Ля магілы Невядомага салдата ў Маскве, 27 студзеня 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Ля магілы Невядомага салдата ў Маскве, 27 студзеня 2024 году

У Маскве паліцыянты 3 лютага затрымалі журналістаў, якія прыйшлі асьвятляць акцыю руху жонак мабілізаваных «Шлях дадому» ля сьценаў Крамля.

Сярод затрыманых — карэспандэнты «Осторожно, новости», SotaVision, «Коммерсанта», France Press, Spiegel, а таксама праваабаронцы з руху «За правы чалавека», піша «Настоящее время».

Паводле зьвестак «ОВД-Инфо», у аўтазаку знаходзіліся 27 чалавек, усіх іх адвезьлі ў аддзяленьне паліцыі «Кітай-горад».

Па словах адной з удзельніц руху «Шлях дадому» Марыі Андрэевай, сярод затрыманых ёсьць і сваяк мабілізаванага. Яна паспрабавала перагарадзіць дарогу аўтазаку, але яе адціснулі паліцыянты. «Сирена» піша, што ў аўтазак адводзілі ўсіх, хто здымаў ускладаньне кветак да Вечнага агню.

Каля 11:45 па маскоўскім часе сталічная пракуратура апублікавала перасьцярогу для ўдзельнікаў «няўзгодненай акцыі» ў цэнтры горада, папярэджваючы, што «як арганізацыя няўзгодненага мерапрыемства, так і ўдзел у ім цягнуць за сабой устаноўленую расейскім заканадаўствам адказнасьць».

3 лютага ў Аляксандраўскім садзе ля сьценаў Крамля праходзіла акцыя руху жонак мабілізаваных, прымеркаваная да 500-га дня з пачатку мабілізацыі ў Расеі. Каля 100 удзельнікаў, сярод якіх былі і мужчыны, і жанчыны, прыйшлі з кветкамі і ўсклалі іх да магілы Невядомага салдата.

У Расеі ўсё больш жонак расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне, далучаецца да руху «Шлях дадому». Удзельніцы пратэсту, які пачаўся ў лістападзе 2023 году з адзінкавых акцый, стварылі адмысловы тэлеграм-канал і заклікаюць усіх жанчын, чыіх мужоў мабілізавалі ў войска на вайну ва Ўкраіну, далучацца да іх патрабаваньняў. Адно зь першых і галоўных патрабаваньняў руху — не спыненьне вайны, а ўвядзеньне абавязковай ратацыі мабілізаваных у армію з украінскага фронту.

  • Больш за год таму ўлады Расеі аб’явілі так званую частковую мабілізацыю на вайну з Украінай. Паводле афіцыйных зьвестак, тады ў войска прызвалі каля 300 тысяч чалавек. Указ аб мабілізацыі працягвае дзейнічаць да гэтага часу.
  • 12 сьнежня 2023 году Міністэрства абароны Расеі адмовілася абмежаваць тэрмін службы мабілізаваных адным годам і паведаміла, што прызваныя вайскоўцы будуць знаходзіцца на службе да заканчэньня вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG