Аляксандар Лукашэнка 2 лютага прызначыў Андрэя Самбука новым дырэктарам Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантроля. Мінулы дырэктар — Ігар Маршалаў — яшчэ ў лістападзе быў адпраўлены паслом у Зымбабвэ.
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў — гэта тая сілавая структура, якая апошнія гады была ўцягнутая ў палітычны перасьлед. Менавіта ДФР першапачаткова пачынаў справу супраць банкіра Віктара Бабарыкі, яны займаліся справай Тut.by, прыцягвалі да адказнасьці прафсаюзных лідэраў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Што вядома пра Андрэя Самбука? Ягонай біяграфіі пакуль што няма ў адкрытых крыніцах. З дапамогай BelPol Свабода дазналася, што сілавіку 42 гады, ён ураджэнец Менску. Хадзіў у сярэднюю школу № 76, недалёка ад плошчы Якуба Коласа. Яго дзяцінства прайшло на вуліцы Цнянскай. Бацька Васіль на працягу доўгіх гадоў працаваў на закрытым прадпрыемстве, што месьцілася па сучасным адрасе праспэкт Незалежнасьці, 56.
У розныя гады прадпрыемства называлася па-рознаму. Апошнім часам яно мае назву «Амкадор-Белвар». Завод спэцыялізаваўся на выпуску радыёпрымачоў і тэлевізараў. Васіль Самбук быў там намесьнікам генэральнага дырэктара.
У адным з інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня» Васіль Самбук расказваў, што прадпрыемства ўтварылася ў 1939 годзе, калі ў Менск зь Вільні пераехаў завод «Электраліт». Апошнія гады менавіта бацька цяперашняга кіраўніка ДФР быў апекуном музэю прадпрыемства.
Васіль Самбук памёр у 2020 годзе. Маці новага кіраўніка ДФР працавала выхальніцай у дзіцячым садку, цяпер яна на пэнсіі.
Што тычыцца самога Андрэя Самбука, то працоўны шлях ён пачынаў у патрульна-паставой службе Маскоўскага РУУС Менску. Потым стаў старшым дазнавальнікам у гэтым самым РУУС.
У 2006 годзе Самбука забралі на працу ў цэнтральны апарат КДБ. Ад гэтага часу амаль ніякіх зьвестак пра яго няма.
На сайце Маскоўскага гарадзкога суду захаваўся дакумэнт 2011 году, як маёр юстыцыі КДБ Беларусі Андрэй Самбук просіць дапамогі ў расейскіх калег у справе расьсьледаваньняў фактаў карупцыі на «Беларуськаліі».
Калі меркаваць па сьвежых здымках Андрэя Самбука, то цяпер ён мае званьне палкоўніка юстыцыі.
Андрэя Самбука ўспамінаў у сваім апошнім слове палітвязень-літаратуразнаўца Аляксандар Фядута: «Уражаньне, што начальнік Сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі палкоўнік Самбук падпісвае дакумэнты, не прыходзячы ў прытомнасьць», — сказаў Фядута.
Аляксандар Фядута быў асуджаны да 10 гадоў зьняволеньня ў справе «змовы з мэтай захопу ўлады». Цяпер адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі.
Паводле зьвестак BelPol, Андрэй Самбук нежанаты, дзяцей ня мае. Аднак на афіцыйных здымках, зробленых 2 лютага падчас прызначэньня, на руцэ Самбука можна бачыць заручальны пярсьцёнак. Ва ўласнасьці ў яго дзьве кватэры: адна на вуліцы Прытыцкага ў Менску, а другая — у вёсцы Копішча, што ля Ўручча.