Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДФР заявілі, што за паўгода выявілі 75 злачынстваў па «фінансаваньні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнікі фінансавай міліцыі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнікі фінансавай міліцыі

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі ў першым паўгодзьдзі 2023 году выявіў 75 злачынстваў, зьвязаных зь «фінансаваньнем тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці», паведамляе прэс-служба КДК.

У прэс-рэлізе ведамства гаворыцца, што падчас апэратыўна-вышуковых і кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў «выяўлена 75 злачынстваў (5 — за фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, 70 — за фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці)».

У КДК заявілі, што паводле матэрыялаў органаў фінансавых расьсьледаваньняў завялі 19 крымінальных спраў і забясьпечылі паступленьне ў бюджэт 16,3 мільёна беларускіх рублёў. Гэта адбылося «ў рамках выяўленьня правапарушэньняў у эканамічнай сфэры, учыненых службовымі асобамі арганізацый і грамадзянамі, якія маюць дачыненьне да ажыцьцяўленьня пратэставай дзейнасьці».

З канца 2022 году беларусаў пачалі актыўна выклікаць у КДБ наконт данатаў у фонды салідарнасьці ў 2020 годзе. Сілавікі ставяць людзям умову — пералічыць суму, якая ў некалькі разоў перавышае ахвяраваньне, на спэцыяльныя рахункі, інакш супраць іх завядуць крымінальную справу па арт. 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») або арт. 290 КК («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

На пачатку ліпеня 2023 году праваабаронцы паведамлялі, што, паводле іх зьвестак, за «фінансаваньне экстрэмізму» ў Беларусі асудзілі сама меней 19 чалавек. Дванаццаць зь іх атрымалі ад 3 да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Вынікі па яшчэ 7 асобах высьвятляюцца. Сама меней дзесяць чалавек чакаюць прысуду за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG