У Нацыянальным інфармацыйным цэнтры карысных выкапняў ЗША мяркуюць, што ў Беларусі ў 2023 годзе здабыча калію скарацілася на 0,2 мільёна тон, да 3,8 мільёнаў тон, у параўнаньні з 2022 годам.
«Вытворчасьць і экспарт зь Беларусі былі ніжэйшыя, чым у 2022 годзе. Беларусь перанакіравала экспарт калію па чыгунцы Кітая і з партоў Расеі, але аб’ём экспарту застаўся істотна ніжэйшым узроўняў да 2022 году, калі яна была адным зь лідэраў у экспарце», — працытавала выданьне reform.by справаздачу Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтру карысных выкапняў ЗША.
У 2022 годзе амэрыканскі цэнтар ацэньваў здабычу калію на ўзроўні 3 мільёнаў тон. Беларуская статыстыка засакрэціла зьвесткі аб аб’емах здабычы калію і вытворчасьці калійных угнаеньняў і экспарту.
У сьвеце здабыча калію ў 2023 годзе склала 39 мільёнаў тон — на 1,9 мільёна тон менш, чым у 2022 годзе.
Згодна з справаздачай, зьніжэньне здабычы зьвязаны з тым, што вытворцы разгружалі склады, якія былі загружаныя ў 2022 годзе праз павелічэньне вартасьці на тле нявызначанасьці з пастаўкамі зь Беларусі і Расеі. У канцы 2022 году цэны пачалі зьніжацца. Гэтая ж тэндэнцыя захавалася і ў 2023 годзе.
Спажываньне калійных угнаеньняў у сьвеце ў 2023 годзе ацанілі ў 37,1 мільёна тон, што на 1,4 мільёна тон больш за ўзровень 2022 году.
Як зьмяніліся пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў
У 2020 годзе, да ўводу санкцыяў, Беларусь прадавала свае калійныя ўгнаеньні як у краіны Азіі, Індыю, так і ў Эўропу. Топ пакупнікоў у грашовым аб’ёме за 2020 год выглядаў наступным чынам:
- Бразылія — 520,7 мільёна даляраў за год
- Кітай — 319,7 мільёна даляраў за год
- Індыя — 289,7 мільёна даляраў за год
- Краіны ЭЗ — 195,7 мільёна даляраў за год
- Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў за год
Тады Беларусь прадала за год калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў, сярэдняя цана — 337 даляраў за тону.
І гэта быў апошні год, калі дзяржаўныя органы публікавалі такую статыстыку. Пасьля палітычнага крызісу і санкцыяў яе проста закрылі. Цяпер, калі дзяржаўныя чыноўнікі паведамляюць пра кантракты на пастаўку калійных угнаеньняў, то абмяжоўваюцца фактам, без падрабязнасьцяў.