У горадзе Ўзда Менскай вобласьці вынесьлі прысуд 35-гадоваму жыхару, якога абвінавацілі ў пабіцьці свайго 7-гадовага сына ўлетку мінулага году, паведамілі ў Генпракуратуры Беларусі.
Згодна з заключэньнем экспэртаў, падсудны нанёс свайму сыну ня менш як 28 «узьдзеяньняў, якія траўмуюць», рукамі па галаве, тулаве, руках і нагах, чым прычыніў цялесныя пашкоджаньні, «якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя».
Падчас судовага працэсу падсудны прызнаў віну і патлумачыў, што біў сына ў «выхаваўчых мэтах».
Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў 1,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго таксама абавязалі прайсьці прымусовае лячэньне ад алькагалізму.
Вырак яшчэ не набыў моцы і можа быць абскарджаны.