Расейскі праваабарончы цэнтар «Эгіда» паведаміў, што суд Ніжняга Ноўгарада асудзіў дзяўчыну на пяць дзён арышту за нашэньне «вясёлкавага аксэсуару».
«Інцыдэнт, кваліфікаваны як адміністрацыйнае правапарушэньне, адбыўся ўвечары 29 студзеня, калі да Марыі (імя зьмянілі) падышлі агрэсіўна настроеныя людзі, імаверна правакатары, і пачалі патрабаваць ад яе і яе сябра зьняць зь сябе нібыта забароненую сымболіку, пры гэтым здымаючы працэс на відэа», — паведамілі праваабаронцы.
Пасьля публікацыі гэтага відэазапісу ў сацыяльных сетках дзяўчыну выклікалі на допыт у Цэнтар супрацьдзеяньня экстрэмізму. «Калі яна туды прыйшла, нягледзячы на намаганьні адваката, яе затрымалі і пакінулі ў аддзеле да суду, які адбыўся на наступны дзень.
Адвакат дзяўчыны паведаміў, што ён інкрымінавалі «публічную дэманстрацыю сымболікі экстрэмісцкай арганізацыі».
«Пры гэтым у судзе так і не змаглі дакладна вызначыць, які менавіта сымбаль дэманстраваўся і якія прыкметы адпаведнай сымболікі ён меў. Былі фармальныя спасылкі на юрыдычныя фармулёўкі рашэньня Вярхоўнага суду ад 30 лістапада 2023 году аб прызнаньні „Міжнароднага руху ЛГБТ“ экстрэмісцкай арганізацыяй», — працытавала арганізацыя адваката асуджанай дзяўчыны.
Па выніках вывучэньня завушніц на судовым працэсе вызначылі, што яны маюць «форму жабкі з адлюстраваньнем сяміколернай вясёлкі». Адвакат настойваў на адсутнасьці складу правапарушэньня, а таксама на памылцы ўспрыняцьця, бо ніхто з дапытаных супрацоўнікаў, якія склалі пратакол, ня змог назваць, якую менавіта сымболіку прадэманстравала дзяўчына.
Адвакат плянуе абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі.
30 лістапада 2023 году Вярхоўны суд Расеі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» няісны «міжнародны грамадзкі рух ЛГБТ» і забараніў яго дзейнасьць на тэрыторыі Расеі.
У Вярхоўны суд зьвярнулася Міністэрства юстыцыі Расеі. Гэтаму папярэднічала прыняцьце шэрагу рэпрэсіўных законаў у дачыненьні да ЛГБТ-людзей, у тым ліку аб забароне так званай ЛГБТ-прапаганды і аб фактычнай забароне трансгендэрнага пераходу і зьмены гендэрнага маркеру ў дакумэнтах.
Пасьля абвяшчэньня Вярхоўным судом расейская паліцыя пачала праводзіць аблавы ў гей-клюбах.