Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перадала Расеі аднаго з трох палонных беларусаў, якія ваявалі ў складзе расейскіх сіл


Беларус Максім Запека трапіў ва ўкраінскі палон пад Бахмутам у Данецкай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Беларус Максім Запека трапіў ва ўкраінскі палон пад Бахмутам у Данецкай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Сярод тых украінскіх вайскоўцаў, якія ў межах абмену вярнуліся ва Ўкраіну, беларускіх добраахвотнікаў, захопленых Расеяй у палон, няма.

Грамадзянін Беларусі Максім Запека быў уключаны ў сьпіс абмену палоннымі, які 31 студзеня адбыўся паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Запеку сёньня абмянялі. Як і іншых расейскіх палонных, яго перадалі расейскаму боку», — паведамілі Свабодзе ў праекце, створаным ва Ўкраіне для расейскіх вайскоўцаў «Хачу жыць».

Іншых дэталяў гэтага абмену не ўдакладнілі.

У той жа час паведамілі, што сярод тых украінскіх вайскоўцаў, якія ў межах абмену вярнуліся ва Ўкраіну, беларускіх добраахвотнікаў, захопленых Расеяй у палон, няма.

Украінскія вайскоўцы ўзялі ў палон Максіма Запеку апошнім, пасьля Андрэя Герыловіча і Максіма Зязюльчыка. Гэта адбылося летась у кастрычніку пад Бахмутам у Данецкай вобласьці.

У палоне беларус паведаміў, што працаваў у Маскве ў кампаніі «Гормост» зваршчыкам, а да Расеі працаваў мулярам у Беларусі. Ён сказаў, што ўдзельнічаў у так званым аднаўленьні зьнішчанага расейцамі Марыюпалю з 8 студзеня па 1 сакавіка 2023 году.

«Прыйшла разнарадка, каб мы падпісвалі кантракт. Я быў трэцім з чатырох. Падпісвалі кантракт у Маскве, у абласным ваенкамаце», — паведаміў беларус.

Максім Запека пачаў служыць ва Ўзброеных сілах Расеі з 5 жніўня 2023 году. У палон ён трапіў пад Бахмутам у Данецкай вобласьці 22 кастрычніка, калі, паводле яго, ён разам зь іншымі расейцамі эвакуаваў параненага.

Яму, маўляў, абяцалі, што ён «будзе развозіць ежу», а не ваяваць ва Ўкраіне.

Беларус паведаміў, што кантракт з расейскай арміяй падпісаў, бо патрэбныя былі грошы. Першы заробак ён адправіў свайму брату, а на наступныя купляў сабе вайсковую амуніцыю, бо ў выдадзенай немагчыма было служыць — бронекамізэлькі цяжкія і неэфэктыўныя, не было цёплай вопраткі.

Ён расказаў, што сваякі кепска паставіліся да ягонага рашэньня ісьці служыць у расейскую армію і што ў Беларусі ягоныя сябры ўвогуле нэгатыўна ставяцца да расейскай вайны ва Ўкраіне.

Максім Запека стаў трэцім беларусам, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG