Украінскія вайскоўцы ўзялі пад Бахмутам у палон яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, які назваўся Максімам Запекам з аграгарадка Хутар Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці.
Інтэрвію з палонным беларусам апублікаваў украінскі вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка.
Максім паведаміў, што працаваў у Маскве ў кампаніі «Гормост» зваршчыкам, а да Расеі працаваў мулярам у Беларусі. Ён сказаў, што ўдзельнічаў у так званым аднаўленьні зьнішчанага расейцамі Марыюпалю з 8 студзеня па 1 сакавіка 2023 году.
«Прыйшла разнарадка, каб мы падпісвалі кантракт. Я быў трэцім з чатырох. Падпісвалі кантракт у Маскве, у абласным ваенкамаце», — паведаміў беларус.
Максім Запека пачаў служыць ва Ўзброеных сілах Расеі з 5 жніўня. У палон ён трапіў пад Бахмутам у Данецкай вобласьці 22 кастрычніка, калі, паводле яго, ён разам зь іншымі расейцамі эвакуавалі аднаго параненага.
Яму, маўляў, абяцалі, што ён «будзе развозіць ежу», а не ваяваць ва Ўкраіне.
Беларус паведаміў, што падпісаў кантракт з расейскай арміяй, бо патрэбны былі грошы. Першы заробак ён адправіў свайму брату, а на наступныя купляў сабе вайсковую амуніцыю, бо ў выдадзенай немагчыма было служыць — бронекамізэлькі цяжкія і неэфэктыўныя, не было цёплай вопраткі.
Ён расказаў, што сваякі кепска паставіліся да яго рашэньня ісьці служыць у расейскую армію і што ў Беларусі ягоныя сябры ўвогуле нэгатыўна ставяцца да расейскай вайны ва Ўкраіне.
Максім Запека стаў трэцім беларусам, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон.
Раней украінцы ўзялі ў палон Максіма Зязюльчыка, які ваяваў у атрадзе «Вэтэран» вайсковай кампаніі «Рэдут», і Андрэя Герыловіча, які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр». Яны абодва пагадзіліся на ўдзел у абмене з Расеяй на ўкраінскіх вайскоўцаў, але расейскі бок не ўключае іх у сьпісы.