Антон Сілуанаў заявіў, што «ў дамове 1999 году такая опцыя ёсьць». Разам з тым, паводле яго, да гэтага рашэньня «трэба яшчэ дайсьці з пункту гледжаньня інтэграцыі эканомік» Расеі і Беларусі.
«Як мэта яна абазначана, але гэта найвышэйшая ступень інтэграцыі», — падкрэсьліў ён.
У чэрвені 2023 году амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты ў інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» заявіў, што на парадку дня беларуска-расейскіх стасункаў тэмы адзінай валюты няма:
«Гэта палітычнае пытаньне, якое існавала ў момант падпісаньня нашай саюзнай дамовы ў 1999 годзе. Але сёньня гэтай тэмы няма. І два прэзыдэнты адмовіліся ад яе абмеркаваньня».
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцай Цэнтральнага банка Расеі Эльвірай Набіулінай 29 траўня таго ж года ў Менску заявіў, што стварэньне адзінай валюты саюзнай дзяржавы — «працэс няпросты і, напэўна, ня сёньняшняга дня».
Міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў 20 сакавіка заявіў на беларускім тэлебачаньні, што краіна ня будзе пераходзіць на расейскі рубель: «Пра такое нават як бы... Ніколі пра гэта гаворка проста не ішла, па вялікім рахунку. Навошта нам гэта?».
На прэс-канферэнцыі 23 сьнежня 2021 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўзровень інтэграцыі ў саюзнай дзяржаве «да гэтага часу значна ніжэйшы, чым узровень інтэграцыі ў ЭЗ, проста непараўнальна».
«Я ўжо зараз не гавару пра адзіную валюту. Бог зь ёй, гэта пытаньне, магчыма, будучыні, калі нашыя адпаведныя эканамічныя службы прыйдуць да нейкай згоды на гэты конт», — сказаў ён.