Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка просіць у Пуціна танных нафты і газу. Ці варта чакаць новага этапу інтэграцыі?


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Санкт_Пецярбург, 29 студзеня 2024
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Санкт_Пецярбург, 29 студзеня 2024

Паводле традыцый і практыкі апошніх трох гадоў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаюцца і ладзяць перамовы прыкладна раз на два месяцы. Аднак на мяжы мінулага і гэтага году такі альгарытм быў парушаны. Працяглую паўзу перапыніў візыт Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург.

Сьцісла:

  • На працягу апошніх чатырох месяцаў не было паўнавартасных перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным. Прэзыдэнт Расеі зь нейкіх прычын вытрымліваў паўзу.
  • Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы падвёў вынікі выкананьня 28 саюзных праграм, якія былі прыняты ў 2021 годзе.
  • Ставіцца задача перайсьці да новага этапу інтэграцыі. Новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады ўключае ў сябе 120 мерапрыемстваў.
  • Лукашэнка назваў асноўную праблему саюзнай інтэграцыі, якая датычыць «стварэньня адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў».
  • Маскву больш цікавяць пытаньні інстытуцыйнай інтэграцыі, Менск хацеў бы вырашэньня канкрэтных праблемаў. Найперш ён спадзяецца на дадатковыя датацыі ад Расеі.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін вялі паўнавартасныя перамовы ў верасьні мінулага году. Пасьля гэтага яны шмат разоў сустракаліся на розных самітах, аднак грунтоўна пагаварыць не ўдавалася. Хоць Лукашэнка рабіў немалыя высілкі, каб такія перамовы адбыліся.

Ён плянаваў зрабіць гэта 13 кастрычніка падчас саміту СНД у Кіргізстане. Сустрэча была анансаваная абодвума бакамі. Але нешта пайшло ня так. Пуцін сустрэўся ў Бішкеку зь іншымі лідэрамі постсавецкіх дзяржаваў, але не з Лукашэнкам.

Быў разьлік на перамовы падчас саміту АДКБ у лістападзе, які праходзіў у Менску. Лукашэнка на правах гаспадара мог разьлічваць на сустрэчу. Але яна выйшла скамечанай. Каб перагаварыць з Пуціным, Лукашэнка вымушаны быў суправадзіць расейскага прэзыдэнта ў аэрапорт.

Пуцін зь нейкіх прычын вытрымліваў паўзу, якая цягнулася чатыры месяцы.

Фармальнай падставай для цяперашняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу стала паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету (ВДС) Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Паводле ўстаноўчых дакумэнтаў гэтай інстытуцыі, яе бюджэт павінен зацьвярджацца вышэйшым органам, то бок ВДС. І ягонае паседжаньне павінна адбывацца на пачатку кожнага году. Далёка не заўсёды гэтае правіла выконваецца. Тым ня менш зьяўляецца нагода, каб правесьці сустрэчу.

Яшчэ 22 студзеня Лукашэнка казаў, што прыбудзе ў Расею на дзень раней, каб правесьці перамовы сам-насам. Аднак Пуцін папрасіў Лукашэнку прыехаць 27 студзеня, на два дні раней, каб паўдзельнічаць у цырымоніі з нагоды 80-годзьдзя зьняцьця Ленінградзкай блякады.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Пул Первого», 28 студзеня Лукашэнка з Пуціным камунікавалі больш за 8 гадзін.

Што тычыцца ўласна паседжаньня ВДС 29 студзеня, то зьвяртае на сябе ўвагу такі пункт парадку дня, як зацьвярджэньне праекту дакумэнту аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэньняў Дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады. Тут цікава тое, што Дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы падпісаная яшчэ ў далёкім 1999 годзе. А рэалізацыя яе палажэньняў заплянаваная на 2024–2026 гады. Чвэрць стагодзьдзя чакалі!

ВДС падвёў вынікі выкананьня 28 саюзных праграм, якія былі прынятыя ў 2021 годзе. Апошняя інфармацыя пра іх датуецца лістападам мінулага году. Тады намесьнік міністра эканомікі Беларусі Алесь Абраменка паведаміў, што поўнасьцю выканана 94 працэнты мерапрыемстваў і рэалізавана 22 з 28 саюзных праграм. Пазьнейшай афіцыйнай інфармацыі пра іх поўную рэалізацыю не было.

Аднак на паседжаньні ВДС казалі пра пасьпяховае выкананьне ўсіх саюзных праграм. Пуцін канстатаваў, што «створаны ўмовы для правядзеньня адзінай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі», хоць насамрэч гэта ня так. Да адзінай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі яшчэ далёка. Сумесны падатковы камітэт (адзіная структура, якую можна лічыць у пэўным сэнсе наднацыянальным органам) толькі яшчэ плянуецца стварыць сёлета.

Лукашэнка назваў асноўную праблему: «Мы пакуль поўнасьцю ня вызначыліся па самых галоўных пытаньнях. Гэта тычыцца стварэньня адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў». Гэтай праблеме столькі гадоў, колькі самой беларуска-расейскай інтэграцыі. Беларусь хоча купляць газ і нафту па ўнутрырасейскіх цэнах, а Масква супраціўляецца. І рашэньня пакуль на гарызонце ня бачна.

Тым ня менш ставіцца задача перайсьці да новага этапу інтэграцыі, які ахоплівае значна шырэйшы спэктар напрамкаў супрацоўніцтва. Новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады ўключае ў сябе ўжо 120 мерапрыемстваў. Цікава тое, што гэты новы этап актыўна піяраць пакуль толькі расейскія афіцыйныя асобы (у прыватнасьці, віцэ-прэм’ер РФ Аляксей Авярчук, амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў). Беларускія чыноўнікі чамусьці гэтую тэму падымаюць ня вельмі ахвотна.

І тут бачная розьніца падыходаў. Маскву больш цікавяць пытаньні інстытуцыйнай інтэграцыі, Менск хацеў бы вырашэньня канкрэтных праблемаў. Найперш ён спадзяецца на дадатковыя датацыі ад Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG