Пра гэта паведамляе праваабарончы рэсурс @MAYDAYMog. Які менавіта артыкул ставіцца ў віну музыкам, невядома.
На пачатку студзеня стала вядома пра затрыманьне вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшы і бубнача Дзьмітрыя Халяўкіна.
Раней тэлеграм-канал ГУБАЗіК апублікаваў відэа з музыкамі Nizkiz, сілавікі не паведамілі, у чым менавіта абвінавачваюць музыкаў і паводле якіх артыкулаў. Але адзначылі, што ім нібыта пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Трох музыкаў Nizkiz затрымалі раніцай 5 студзеня. На наступны дзень прапагандысты зь дзяржаўнай тэлевізіі паведамілі пра гэта і выставілі ў сваіх сацсетках кадры затрыманьня. Пазьней усіх траіх абвінавацілі ў «распаўсюджваньні, вырабе, захоўваньні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) і, як мяркуецца, прызначылі арышт.
Nizkiz — рок-гурт з Магілёва. Заснаваны ў 2008 годзе. Кампазыцыі гурту гучалі на хвалях радыёстанцый «Наша радыё», «Сваё радыё», «Радыё Мінск», «Радыё Сталіца», «Радыё АНТ», Euroradio, «Альфа-радыё», «Мір» і іншых. Акрамя таго, гурт быў сталым удзельнікам буйных фэстываляў у Беларусі.
Адна з самых папулярных песень гурту — «Небясьпечна» — выйшла ў сьвет у 2017 годзе. У 2020 годзе Nizkiz прадставіў кліп на песьню «Правілы». Як сьцьвярджалася, відэа здымалі ў пратэставым Менску падчас аднаго з маршаў.