Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль стварае ўмовы для дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове, каб не дапусьціць яе інтэграцыі ў ЭЗ


У лютым 2014 году ў Гагаузіі правялі рэфэрэндум аб атрыманьні статусу аўтаноміі ў складзе Малдове. Ілюстрацыйнае фота
У лютым 2014 году ў Гагаузіі правялі рэфэрэндум аб атрыманьні статусу аўтаноміі ў складзе Малдове. Ілюстрацыйнае фота

Паводле экспэртаў Інстытут вывучэньня вайны, Расея «можа паспрабаваць апраўдаць сваю агрэсію або намаганьні ў дэстабілізацыі ў Малдове, сьцьвярджаючы, што жыхары Прыднястроўя знаходзяцца ў небясьпецы з прычыны меркаванай адмовы Малдовы ад працэсу прыднястроўскага ўрэгуляваньня».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што крамлёўскія чыноўнікі працягваюць ствараць інфармацыйныя ўмовы для дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове, каб не дапусьціць інтэграцыю краіны ў Эўрапейскі зьвяз.

У сваёй справаздачы ад 28 студзеня экспэрты спасылаюцца на заяву дырэктара Другога дэпартамэнту ў справах СНД Міністэрства замежных спраў Расеі Аляксея Палішчука аб тым, што Малдова пачала «зьнішчаць сваю сувязь» з СНД і плянуе да канца 2024 году выйсьці з гэтай арганізацыі.

Расейскія ўлады пераконваюць, што «такое рашэньне ня пойдзе на карысьць інтарэсаў грамадзян Малдовы і будзе нявыгадным для малдоўскай эканомікі». Апроч таго, Аляксей Палішчук заявіў аб крызісе дачыненьняў між Малдовай і Прыднястроўем і гатоўнасьці Расеі выступіць пасярэдніцай і гарантам урэгуляваньня.

Перад гэтым віцэ-прэм’ер Малдовы Алег Серабран заявіў, што Малдова ня вернецца да перамоўнага працэсу аб Прыднястроўі ў фармаце «5+2» з удзелам Расеі, пакуль не палепшацца расейска-ўкраінскія дачыненьні і працягваецца вайна Расеі ва Ўкраіне.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны таксама зьвярнулі ўвагу на тое, як праўладныя блогеры асьвятлялі акцыю пратэсту ў Прыднястроўі супраць «эканамічнага ціску Малдовы на рэгіён».

Апроч таго, актыўна распаўсюджвалася інфармацыя аб непасрэдным звароце да расейскіх уладаў кіраўніка галоўнага ўпраўленьня аграпрамысловага комплексу Гагаузіі (рэгіён у складзе Малдовы. — РС) з прапановай скасаваць акцызы і мыты на пастаўкі сельгаспрадукцыі з Гагаузіі, уведзеныя пасьля рашэньня Малдовы выйсьці зь Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД у ліпені 2023 году. Апроч таго, гагаузкі чыноўнік папрасіў Расею накіраваць у гэты рэгіён Малдовы ўгнаеньні ў якасьці гуманітарнай дапамогі.

Раней у справаздачах ISW адзначалася, што Крэмль стварае інфармацыйныя ўмовы для апраўданьня будучай расейскай агрэсіі супраць Малдовы пад выглядам абароны сваіх «суайчыньнікаў за мяжой» і «русского мира».

Паводле экспэртаў Інстытут вывучэньня вайны, Расея «можа паспрабаваць апраўдаць сваю агрэсію або намаганьні па дэстабілізацыі ў Малдове, сьцьвярджаючы, што жыхары Прыднястроўя знаходзяцца ў небясьпецы празь меркаваную адмову Малдовы ад працэсу прыднястроўскага ўрэгуляваньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG