Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ідуць на падвышэньне пракуроры, якія ў 2011-м ускосна паспрыялі зьняволеньню Алеся Бяляцкага


Сьцяг Польшчы
Сьцяг Польшчы

У польскую Генэральную пракуратуру вяртаюцца пракуроры Анна Адамяк і Кшыштаф Каршніцкі.

Пракуроры вядомыя па той гісторыі, калі ў 2011 годзе ўскосна спрычыніліся да выдачы лукашэнкаўскім спэцслужбам зьвестак, на падставе якіх арыштавалі кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Кандыдатуры Анны Адамяк і Кшыштафа Каршніцкага прапанаваў новы генэральны пракурор і міністар юстыцыі Польшчы Адам Боднар, паведамляе niezalezna.pl.

Генэральны пракурор зрабіў першы крок да аднаўленьня на пасадах пракурораў былой Генэральнай пракуратуры, якія ў 2016 годзе былі пераведзеныя папярэдняй уладай на ніжэйшыя пасады.

Пракуратура Польшчы ў чэрвені 2011 году перадала рэжыму Лукашэнкі зьвесткі пра польскі рахунак Алеся Бяляцкага.

Менавіта пракурорка Адамяк тады разгледзела заяву афіцыйнага боку Рэспублікі Беларусь і, нягледзячы на адмоўнае заключэньне пракуратуры ў Варшаве, накіравала яе да рэалізацыі. Адамяк пры гэтым ігнаравала рэкамэндацыю тагачаснага генэральнага пракурора Анджэя Сэрэмета, паводле якой да заявак зь Беларусі трэба ставіцца асабліва асьцярожна, бо яны могуць стаць пасткай для дзеячаў беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Тады Сэрэмет вырашыў прыцягнуць Адамяк да дысцыплінарнай адказнасьці і перавесьці яе ў іншае ведамства. Таксама той скандал прывёў і да адстаўкі кіраўніка Дэпартамэнту міжнароднай супрацы ў Генэральнай пракуратуры Кшыштафа Каршніцкага.

У 2011-м зьвесткі пра рахунак беларускгаа праваабаронцы, грошы зь якога ішлі на дапамогу людзям, выдалі і ўлады Літвы, што таксама справакавала ў гэтай краіне вялікі палітычны скандал.

Алеся Бяляцкага тады асудзілі да 4,5 года пазбаўленьня волі нібыта за нявыплату падаткаў. Праваабарончая супольнасьць прызнала той прысуд палітычна матываваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG