Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША рыхтуюць стратэгію падтрымкі Ўкраіны: 2024-ты ў абароне, няма акцэнту на вызваленьні тэрыторый — The Washington Post


Прадстаўнікі Пэнтагона на сустрэчы ў фармаце "Рамштайн" у Кіеве, 22 лістапада 2023 году.
Прадстаўнікі Пэнтагона на сустрэчы ў фармаце "Рамштайн" у Кіеве, 22 лістапада 2023 году.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна распрацоўвае плян доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны ў вайне супраць Расеі, аднак гэты плян не прадугледжвае якіх-небудзь істотных зьменаў лініі фронту на карысьць Украіны ў 2024 годзе.

Аб гэтым піша газэта The Washington Post са спасылкай на ананімныя крыніцы ў амэрыканскай адміністрацыі.

Вяртаньне ўсіх тэрыторый у міжнародна прызнаных межах Украіны застаецца адной з афіцыйна заяўленых мэтаў вайны для Кіева. Аднак, як паведамляе The Washington Post, праект новай стратэгіі падтрымкі Ўкраіны ня робіць акцэнт на вызваленьні тэрыторый. Ён засяроджаны на абароне, а таксама ўмацаваньні эканомікі Ўкраіны.

Выданьне цытуе высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі ЗША, які сьцьвярджае, што для Ўкраіны ў гэтым годзе будзе цяжка паўтарыць спробу наступленьня, падобную да той, якая была зроблена летам мінулага года. Яна прывяла толькі да абмежаваных посьпехаў, стратэгічная мэта — перарэзаць так званы сухапутны калідор у анэкаваны Крым — не была дасягнутая.

Цяпер адміністрацыя ЗША спадзяецца, што сёлетні год, праведзены ў абароне, дазволіць Украіне істотна ўмацаваць свой патэнцыял, у тым ліку ў сфэры ваеннай прамысловасьці.

Пры гэтым падкрэсьліваецца, што магчымасьць рэалізацыі амэрыканскага пляна падтрымкі залежыць ад таго, ці выдзеліць Кангрэс сродкі на дапамогу Ўкраіне. З прычыны рознагалосьсяў паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі, галоўным чынам па пытаньні аб міграцыі і сытуацыі на паўднёвай мяжы ЗША, Кангрэс пакуль так і не прыняў прапанову адміністрацыі Джо Байдэна вылучыць на патрэбы, зьвязаныя з Украінай, каля 60 мільярдаў даляраў.

Шэраг амэрыканскіх СМІ раней ужо пісалі аб тым, што адміністрацыя Байдэна раіць Укра іне бліжэйшым часамзаставацца ў абароне, каб не дапусьціць далейшай страты тэрыторый. Пры гэтым гаварылася аб магчымай камбінаванай стратэгіі, пры якой «актыўная абарона» спалучалася б з ударамі па тылавых аб’ектах расейскага войска. The Washington Post таксама пішуць, што краіны Захаду хочуць, каб Кіеў засяродзіўся на дальнабойных ударах, у прыватнасьці па абʼектах Чарнаморскага флёта і расейскай арміі ў анэксаваным Крыме.

Суразмоўцы выданьня пры гэтым прызнаюць, што новая стратэгія можа несьці палітычныя рызыкі, паколькі грамадзтва і ва Ўкраіне, і на Захадзе можа пачаць праяўляць стомленасць ад баявых дзеяньняў, якія не прыносяць адчувальнага выніку ў выглядзе адваяваных тэрыторый.

Афіцыйна ўкраінскія прадстаўнікі выказвалі нязгоду з пераходам да стратэгічнай абароны, адзначаючы, што гэта можа быць крокам да выгаднай Расеі замарозкі канфлікту. У той жа час, у Кіеве прызнаюць, што на многіх участках фронту, у прыватнасьці пад Купянскам, пад Бахмутам і пад Аўдзееўкай, ініцыятыва зараз у расейскіх войскаў, хаця тэмпы іх прасоўваньня мінімальныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG