Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацбанку пабачылі дэвальвацыйныя і інфляцыйныя рызыкі для эканомікі Беларусі. Чым іх тлумачаць


Як вынікае з дакладу першага намесьніка старшыні праўленьня Нацбанку Сяргея Калячыца, у беларускай эканоміцы ўтварыўся дысбалянс з прычыны «лішніх» грошай, якія зьявіліся праз павышаны попыт насельніцтва і бізнэсу на крэдыты, піша «Люстэрка».

Расказваючы пра тое, як Нацбанк забясьпечваў цэнавую стабільнасьць у 2023 годзе, і пра пляны на 2024 год, Сяргей Калечыц паведаміў пра рызыкі, якія існуюць для збалянсаванасьці беларускай эканомікі. Асноўная зь іх, паводле яго — рост грашовай прапановы на рынку, у першую чаргу — з прычыны павышанага попыту насельніцтва і бізнэсу на крэдыты.

«За 2023 год прырост сярэдняй шырокай грашовай масы склаў 28,1%, у тым ліку прырост сярэдняй рублёвай грашовай масы — 35,4%, — адзначыў Сяргей Калечыц. — Фактычная дынаміка паказчыкаў грашовай прапановы істотна апярэдзіла прырост ключавых макраэканамічных паказчыкаў у рэальным выражэньні». Паводле яго, захаваньне такой сытуацыі можа прывесьці да «назапашваньня макраэканамічных дысбалянсаў».

Прадстаўнік Нацбанку патлумачыў, якімі праблемамі пагражае такая сытуацыя:

«У будучым яны могуць праявіцца праз узмацненьне націску на валютны рынак і курс беларускага рубля, павышаны попыт на спажывецкім рынку, раскручваньне інфляцыйна-дэвальвацыйнай сьпіралі, пагаршэньне паказчыкаў устойлівасьці банкаўскага сэктару», — адзначыў Сяргей Калечыц.

Паводле Нацбанку, за 2023 год агульная сума наяўных грошай у абароце павялічылася да 9 млрд 474,6 млн рублёў. Гэта на 2 млрд. 581 млн. рублёў больш, чым годам раней. Шырокая грашовая маса за 2023 год таксама прыкметна вырасла — да 75 млрд 668,5 млн рублёў. Гэта на 14 млрд. 429,5 млн. рублёў больш, чым годам раней. Гаворка пра сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў на рахунках у банках, а таксама наяўныя грошы ў абарачэньні.

Толькі на спажывецкія патрэбы беларусы летась за 11 месяцаў узялі 9,5 мільярда рублёў. Рост у параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2022 годзе — 47,1%, сьведчыць статыстыка. Агулам за 11 месяцаў мінулага году беларусы ўзялі ў банкаў у доўг амаль 12 мільярдаў рублёў (11,9 мільярда). У параўнаньні з 2022 годам рост склаў 50,2%.

Попыт на крэдыты шмат у чым быў абумоўлены досыць нізкай працэнтнай стаўкай. Калі ў лістападзе 2022 году ў сярэднім яна складала 11,7% гадавых, то летась у лістападзе яна была ўжо 9,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG