З 4 студзеня «Беларусбанк» запусьціў новы крэдыт «На родныя тавары» з працэнтнай стаўкай у 4% гадавых. Атрымаць можна да 12 000 рублёў (300 базавых велічыняў) на тэрмін да 3 гадоў. Набываць за такія грошы можна толькі беларускія тавары, а менавіта: мэблю, лядоўні, маразільнікі, пральныя машыны, мікрахвалёвыя печы, тэлевізары, мапэды, ровары, матацыклы, керамічную плітку, міні-трактары.
Урад нават зацьвердзіў вытворцаў, у якіх можна купляць тавары ў гэты крэдыт. Сярод іх «Атлант», Мотавелазавод, МТЗ, «Гарызонт», «Віцязь», «Керамін», «Амкадор» і больш за дзясятак вытворцаў і гандляроў мэбляй.
Запасы на складах растуць, прыбыткі падаюць
За 10 месяцаў мінулага году чысты прыбытак усіх арганізацый прамысловасьці зьнізіўся на 15,7% у параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2022 годзе: з 8,2 мільярда рублёў да 6,9 мільярда.
Рэнтабэльнасьць продажаў упала з 10,8% да 9,5%. Стратных арганізацый, якія займаюцца прамысловасьцю, стала больш за 15% (было менш за 13%). Цяпер такіх арганізацый 232. Такія дадзеныя прыводзіць Белстат.
«Гэта прывядзе да росту цэнаў»
Танныя крэдыты на айчынныя тавары ў пэрспэктыве могуць прывесьці да паскарэньня інфляцыі, да росту цэнаў. Такую думку выказвае экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык. Гэтае рашэньне ўладаў ён называе «бессэнсоўным».
«Улады хочуць падтрымаць мясцовых вытворцаў, бо са збытам гэтай прадукцыі ёсьць праблемы на расейскім рынку, а зьніжаць вытворчасьць ня хочуць. Ад гэтага ня будзе ніякага плюса. За кошт напампоўваньня грашыма спрабуюць нарасьціць попыт, а за ім вытворчасьць. Гэта мае ўплыў толькі ў вельмі кароткатэрміновай пэрспэктыве. А далей — павышэньне інфляцыі. Каб прадукцыя куплялася, яе проста трэба рабіць якаснай», — кажа экспэрт.
Налета ўлады хочуць, каб ВУП вырас на 4%, а інфляцыя была на ўзроўні 4–6%. Гэта супярэчыць адно аднаму, мяркуе экспэрт.
«Нельга расьці хутчэй, чым ваш патэнцыял, яшчэ і пры нізкай інфляцыі. Па іншых крэдытах працэнтныя стаўкі, наадварот, будуць расьці. То бок, з аднаго боку, яны павышаюць стаўкі, а для мясцовых вытворцаў робяць палёгкі. Зрэшты, я ня думаю, што гэты крэдыт выкліча бум пакупак ад беларускіх вытворцаў», — кажа экспэрт.
«Так прадпрыемствы гасяць запазычанасьць перад банкам»
Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, такое рашэньне ўлады прынялі таму, што прадпрыемствы самі вінаватыя дзяржаўнаму банку.
«Гэтыя тавары, калі думаць абстрактна, належаць банку, калі прадпрыемства ня ў стане вярнуць пазыкі. Таму банк мусіць неяк прадаць гэтыя тавары. Банку належаць гэтыя тавары за кошт даўгоў, і банк хоча ад іх пазбавіцца па паніжанай стаўцы. Падазраю, што якраз прадпрыемствы са сьпісу ня могуць разьлічыцца перад банкамі, і гэта робіцца, каб такім чынам пазбавіцца ад запазычанасьці», — кажа эканаміст.
Згодна з статыстыкай, у 2023 годзе беларусы куплялі толькі 38,7% нехарчовых тавараў беларускай вытворчасьці, астатняе — замежнай.