Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў «Бі-2» адправілі ў Цэнтар часовага ўтрыманьня ў Бангкоку для далейшай дэпартацыі


Удзельнікаў рок-гурту «Бі-2» этапуюць з Пхукета ў Цэнтар часовага ўтрыманьня іміграцыйнай паліцыі Тайлянду ў Бангкоку для наступнай дэпартацыі, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на генконсула Расеі ў Пхукеце.

Згодна зь мясцовымі законамі, дэпартацыя праводзіцца прамым авіярэйсам у краіну выдачы пашпарта.

Як удакладніў дыплямат, пяцёра зь сямі музыкаў гурту зьяўляюцца грамадзянамі Расеі, яшчэ двое «ўехалі ў Тайлянд па пашпартах Ізраілю і Аўстраліі». Гаворка пра ўраджэнцаў Беларусі, заснавальнікаў і нязьменных ўдзельнікаў «Бі-2» Аляксандра Ўмана (Шура) і Ягора Бортніка (Лёва): раней у інтэрвію Уман казаў, што мае аўстралійскае грамадзянства, а Ягор Бортнік — ізраільскае.

Удзельнікаў рок-гурту «Бі-2», якія раней выступалі супраць вайны Расеі ва Ўкраіне, затрымалі 25 студзеня ў Тайляндзе. Афіцыйнай прычынай затрыманьня названы «выступ без дазволу на працу». Канцэрты «Бі-2» прайшлі ў Патаі і правінцыі Пхукет.

Паводле суразмоўцы Mash у консульстве, ініцыятарам затрыманьня музыкаў стала генконсульства Расеі ў Тайляндзе: расейскія дыпляматы зьвярнуліся да ўладаў Тайлянду з просьбай уважліва праверыць дакумэнты музыкаў.

26 студзеня суд у Пхукеце аштрафаваў музыкаў «Бі-2» на 95 даляраў кожнага.

  • «Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску, ягоныя заснавальнікі і нязьменныя ўдзельнікі Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва) паходзяць зь Беларусі.
  • З часам музыкі перабраліся ў Расею і сталі адным з самых камэрцыйна пасьпяховых гуртоў на расейскай сцэне.
  • Музыкі асудзілі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, у красавіку 2022 году, гурт «Бі-2» адмовіўся выступаць на канцэрце ў Омску на фоне банэра «Za президента». Пасьля гэтага гурт перанёс шэраг выступаў.
  • У 2023 годзе ўдзельнікі гурту эмігравалі ў Ізраіль.
  • У чэрвені 2023 году лідэра гурту Ягора Бортніка прызналі ў Расеі «іншаземным агентам». Як растлумачыла Міністэрства юстыцыі РФ — за тое, што музыка выступаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і «нэгатыўна выказваўся пра расейцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG