На фэдэральным тэлеканале «Россия-1» заглушылі слова «пратэсты» падчас выступленьня гурту «Бі-2», дзе фронтмэнамі музыкі-беларусы Аляксандар Уман і Ягор Бортнік (Шура і Лёва).
Як расказвае тэлеканал «Дождь», на цырымоніі ўручэньня нацыянальнай музычнай прэміі «Вікторыя» песьню «Людзі на эскалятарах» разам выканалі «Бі-2», Леанід Агуцін і сьпявачка Manizha. Там ёсьць такія радкі:
«Если чуть светлей проспекты
И нежней протесты юношей в пуловерах,
Смейся на таких контекстах...»
Аднак на «России-1» прыглушылі слова «пратэсты», а на экране ў гэты момант паказвалі буйныя пляны тых, хто сядзіць у залі (1.25 хвіліна на відэа).
Летам у Маскве прайшлі акцыі апазыцыі, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Фэдэральныя каналы іх праігнаравалі, а ўлады назвалі мірныя пратэсты «масавымі беспарадкамі», хоць сілу на акцыях ўжывалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, а не актывісты.
У выніку некалькі фігурантаў «Маскоўскай справы» атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўленьня волі.