Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабіна Брыло: «Не хапае слоў, каб гаварыць пра невыноснае, і мы шчабечам абы-што, каб заглушыць бясконцы гул паветранай трывогі»


Сабіна Брыло, архіўнае фота
Сабіна Брыло, архіўнае фота

Дзеля каго ці дзеля чаго пісаць кнігі ў трагічны час бясконцых стратаў? Якою моваю выказваць боль? Чым ёсьць сёньня часовы дазвол на жыхарства ў разуменьні выгнаньнікаў з радзімы?

На гэтыя ды іншыя пытаньні мы папрасілі адказаць паэтку, перакладчыцу і журналістку Сабіну Брыло, якая ўжо трэці год змушаная жыць за межамі Беларусі.

«Мы стаім ля канца краю і спрачаемся пра тое, у чым дрэнна цямім...»

— Нядаўна выйшла ваша новая кніга «У конца края». Калі бачыш такую назву, так і ўяўляецца край як абрыў нечага — дарогі, поля, жыцьця. Але тут у абрыву ёсьць яшчэ і канец. Нейкі шматкроць памножаны трагізм адчуваецца пад вокладкай з такім назовам. Ці так гэта насамрэч задумвала аўтарка кнігі?

— Апошнім часам я стала занадта сур’ёзная, і мне гэта вельмі не даспадобы. Такое страшнае, няўклюднае, нядбайнае, дзікунскае жыцьцё — а яшчэ і ты ў ім з кіслым тварам, ня здольны засьмяяцца. Але ў назьве кнігі я ўсё ж дазволіла сабе гульню, і сёй-той з маіх чытачоў (мой чытач — нешырокае свойскае кола), думаю, зловіць гэты мячык, які ляціць зь мінулай кнігі «Я и другие люди». Апошні верш той кнігі быў напісаны ў 2018 годзе:


в конце света стояли и спорили
это конец или край
ты сказал: что бы это ни было,
здесь надо целоваться


Мне вельмі важна надаваць рэчам сэнсавую і фармальную нагрузку. І паміж сваімі кніжкамі я перакідаю «мосьцікі». Другая кніжка была зьвязаная зь першай («Это буквы») праз тытульны верш, цяпер пераклічка з папярэдняй адбываецца праз назву.

Кніжка «У конца края» доўга складалася (мне было нялёгка сабраць і абедзьве папярэднія, бо надта нуджуся працаваць з уласнымі архівамі). Пасьля таго як Дзьмітры Строцаў прапанаваў мне выдаць тэксты ў ягоным выдавецтве, я тройчы зьмяніла канцэпцыю кнігі. Спачатку думала выдаць апошнія вершы, потым — лепшыя (у кніжкі занадта прывабны дызайн, хацелася аздобіць яго супэр-зьместам), але нарэшце спынілася на тым, што выдам паводле прынцыпу «новыя і кароткія». А паколькі кароткіх вершаў маю шмат, адбіраць іх было нялёгка. Так што ад прапановы Дзімы да вёрсткі прайшоў, бадай, цэлы год. Працоўная назва кнігі была «Короткие стихи о войне и мире». Я склала яе ў лістападзе падчас літаратурнай рэзыдэнцыі ў Вэнтсьпілсе, даслала Строцаву пасьля дзясятага сьнежня, і ўжо празь некалькі тыдняў, пад Новы год, атрымала гатовую вёрстку.

Пад вокладкай, вядома, трагізм нашага часу: там трыццаць вершаў, напісаных з 2019 да 2023 году. Мы стаім ля канца краю і спрачаемся пра тое, у чым дрэнна цямім...

«Нумарныя кнігі могуць мець і цудадзейнае значэньне»

— Выдавец і аўтарка абвясьцілі, што асобнікі выдадзенай кнігі — нумарныя. У кожнага чытача будзе асобнік са сваім нумарам. У чым загадка гэтай нумарацыі? Чыстая арытмэтыка ці лічбы з кодам ад дзьвярэй, за якімі схаваны цуд?

— Нумарныя экзэмпляры — асаблівасьць выдавецтва hohroth. Гэтая ініцыятыва паходзіць зь Нямеччыны, і яна даволі вядомая і паважаная ў Эўропе (замежныя сябры кажуць: о, крута, выдадзена ў hohroth!). Акрамя Нямеччыны, філіі hohroth дзейнічаюць у гарадах іншых краінаў. Дзьмітры Строцаў заснаваў у Бэрліне выдавецтва hohroth Mінск і ўжо выпусьціў адзінаццаць кніжак, сярод якіх паэзія Насты Кудасавай, Андрэя Хадановіча, Артура Камароўскага і іншых сучасных беларускіх аўтараў, а ў перакладзе выдадзеныя вершы ўкраінца Сяргея Жадана.

Кніжкі hohroth робяцца не ў друкарні, а на сучасным хатнім абсталяваньні, уручную. Ня трэба зараджаць друкарскія машыны на пэўную колькасьць экзэмпляраў, таму можна вырабляць столькі кніг, колькі патрэбна — пад індывідуальныя замовы, да прэзэнтацыі, для крамы і г. д. Нумары, як я разумею, парадкавыя, але ж можна надзяляць іх любым значэньнем, нават і цудадзейным. Я думаю, што ў сьвеце ня так многа выпадковых рэчаў. Нумар, які табе выпаў, нешта ды значыць.

«Абы што-небудзь гаварыць падчас жудаснай катастрофы, у якой мы апынуліся цяпер усе разам»

— Днямі ў сацыяльных сетках не на жарт разгарэлася дыскусія пра вершы, дакладней, пра тое, ці можна залічаць да паэзіі нерыфмаваныя творы. Ваш допіс у тых спрэчках пачынаецца даволі рэзка: «Што можа быць цяпер больш тупым за дыскусію пра тое, як павінны выглядаць вершы, калі асноўнае пытаньне ў тым, трэба, каб была рыфма, ці не?» А якое яно, па-вашаму, сёньня — галоўнае пытаньне паэзіі?

— Насамрэч мой допіс быў жартаўлівы, хоць і пачынаўся ён так сувора. Я ня ведаю, чаму дасюль адбываюцца спрэчкі вакол рыфмы — думаю, гэта проста нашае ратавальнае шумавое поле: проста забалботваньне, базар — абы што-небудзь гаварыць падчас жудаснай катастрофы, у якой мы апынуліся цяпер усе разам. Трэба казаць хоць нешта, хоць аб нечым, займаць сябе балбатнёй, каб неяк трываць гэтыя абсалютна дзікунскія час і прастору. У нас не хапае слоў, каб гаварыць пра невыноснае, і мы шчабечам абы-што, каб заглушыць бясконцы гул паветранай трывогі.

Што да галоўнага пытаньня паэзіі — я ня ведаю, якое яно сёньня. Думаю, сёньня галоўнае пытаньне ўсяго і ўсіх — ацалець і захаваць тое, што напрацавалі і пакінулі ў спадчыну добрыя і разумныя людзі, якія жылі да нас. У сьвеце ўжо столькі сфармулявана ідэй, столькі расказана гісторый, столькі цудаў патрабуюць да сябе ўвагі...

І пры гэтым новыя барбары паводзяцца так, быццам да іх жылі толькі нейкія ідыёты, якія ўсю гісторыю толькі і рабілі, што з дапамогай войнаў дзялілі між сабою грошы, тэрыторыю і розную рухомую і нерухомую маёмасьць.

Напэўна, адно з найгалаўнейшых пытаньняў паэзіі (як і філязофіі) — як быць, калі найпрасьцейшым выйсьцем выглядае «ня быць». Людзі, што жылі да нас, перажывалі тое самае, што перажываем мы. Мы ведаем пра гэта дзякуючы таму, што некаторыя зь іх фармулявалі і запісвалі. Калі мы хочам падтрымаць тых, хто прыйдзе пасьля нас, мы мусім працягваць гэтую справу. Бо наўрад ці здолеем пакінуць ім лепшы сьвет.

«Пішучы любы тэкст, я маю на ўвазе, што яго можа чытаць „трэці бок“»

— І яшчэ адну вашу цытату хацелася б тут прывесьці: «Што б ты ні пісаў, думай пра дзьве рэчы: 1) пра нядобразычліўца, які чытае, і 2) пра вечнасьць». Пра што самі думаеце, пішучы вершы безыменнаму чытачу ці ліст сяброўцы ў турму?

— Калі я арганізую паэтычнае выказваньне, я размаўляю з сабой альбо зь некім, каго ўяўляю як вечнасьць. Можа, я проста хачу яго зацікавіць, неяк да сябе прывабіць, прышаптаць... Спадзяюся, што ён са мной загаворыць, і тады я ўжо запішу сабе наш дыялёг. Думаю, калісьці я марыла сустрэць жывога чалавека «такога самага, як я» — напэўна, некаторыя тэксты ствараліся ў надзеі знайсьці яго сярод мноства іншых. Такая, ведаеце, вуда, якой ловяць чалавечкаў. Але цяпер я, здаецца, стамілася гэта рабіць.

Пра што думаю, пішучы? Пра тое, што пішу, і пра бясьпеку таксама — сваю і адрасата. Увесь час, пішучы любы тэкст, я маю на ўвазе, што яго можа чытаць «трэці бок». І хоць я ня ведаю ніводнай ваеннай таямніцы, на пісьме я даволі моцна кантралюю выказваньне.

«Часовы дазвол на жыхарства — добрае азначэньне сёньняшняга чалавечага жыцьця»

— Жывучы ў Вільні ўжо больш за два гады, вы даволі актыўна перакладалі творы літоўскіх літаратараў. А нядаўна атрымалі дзяржаўны сэртыфікат на валоданьне літоўскай мовай. Ці дае ён вам нейкія прэфэрэнцыі ў перакладчыцкай справе і ў стасунках зь дзяржаўнымі органамі, якія займаюцца справамі легалізацыі беларусаў у Літве? Які, дарэчы, ваш там статус цяпер?

— За гэты час я пераклала некалькі дзясяткаў вершаў Гінтараса Граяўскаса і яго фантастычна-філязофскую аповесьць пра рыцара і дракона. Мы ўжо шмат расказвалі пра яе чытачам, але выдаўцы ніяк ня возьмуцца яе выдаць. Таксама пераклала некалькі артыкулаў для мэдыя, вось і ўсё.

У студзені я прайшла інтэнсіўныя курсы літоўскай мовы ў Віленскім унівэрсытэце на ўзроўні В1. Было цяжка, але вельмі цікава і карысна. Падабралася файная група: усе сямёра студэнтаў былі з розных краінаў, усе вельмі цікавыя, і стасаваліся мы пераважна на літоўскай. Няблага ўжо разумею мову, але нармальна размаўляць у побыце я пакуль не магу. Маю такую праблему з усімі тымі мовамі, якія разумею: цяжка гаварыць.

На курсы я хадзіла дзеля самой сябе і за свае грошы. Ніякіх прэфэрэнцый у Літве я ня маю, і сэртыфікат мне іх не дае. Але я маю ў Літве вельмі добрых сяброў і знаёмых, якія часам дапамагаюць мне жыць. То запросяць у тэатар, то на каву, то замовяць напісаць артыкул. У лютаўскім нумары літаратурнага часопіса Metai выйдзе маё чарговае эсэ — літоўцы цікавяцца нашым жыцьцём. А літоўскай мовай са мной цяпер займаецца былая ўнівэрсытэцкая выкладчыца, аўтарка адной з найлепшых кніг па літоўскай граматыцы. Калі жыць вельмі цяжка, а часам невыносна — чалавек ідзе да чалавека. І чалавек робіць цуд, каб ты чарговы раз узгадаў, што Бог ёсьць.

У Літве я цяпер жыву ў чаканьні чарговага часовага дазволу на жыхарства. Чаканьне крыху падзацягнулася, і гэта мяне, канешне, нэрвуе. Часовы дазвол на жыхарства — добрае азначэньне сёньняшняга чалавечага жыцьця.

«Часам думаю пра тое, што дурнота — вельмі добры сродак ад болю»

— Якія сьветлыя пачуцьці і абнадзейвальныя навіны прынёс вам карагод калядных сьвятаў? Якія вершы напісаліся ў новым годзе?

— Калі складала новую кніжку, высьветліла, што ў мінулым годзе напісала мала вершаў, можа якія дзясяткі два. Мова каляпсуе, словаў не хапае, усе словы — «ня тое», хочацца проста махнуць рукой: «Што гаварыць!». У сябе паглыбляцца ня менш страшна, чым у навіны. Часам думаю пра тое, што дурнота — вельмі добры сродак ад болю. Проста ня думай. Не шукай адказы на пытаньні, калі адчуваеш, што дайшоў да дна ў сваіх пошуках. Але ж ты ведаеш (навошта ты гэта ведаеш?), што дна не існуе. А значыць, можна сьвяціць сваім пытаньнем, як ліхтарыкам, у іншыя часткі прасторы. Працягваць шукаць (навошта?!).

Для мяне асабіста год і скончыўся, і пачаўся няблага. Мы сустрэлі яго ў Вільні на Катэдральным пляцы, потым абсалютна стыхійна арганізаваўся сьвяточны стол для добрай кампаніі нашых сяброў і добрых знаёмых. А потым на курсах літоўскай мовы я нават адчула радасьць (якой не адчувала даўным-даўно). Я вельмі сумую па сапраўднай радасьці. Гэта сапраўды лекавы сродак. Так ня хочацца быць цяжкім, змрочным чалавекам. І вершы хацелася б пісаць лёгкія, вясёлыя. У студзені я напісала два — але яны, на жаль, не такія.

Кароткія вершы пра вайну і мір

* * *
время пришло
говорит: ну что
ты не готов
а я пришло
ты говоришь:
заходи, садись
не предупредило
теперь жди

* * *
повсюду война
а ты
никогда не хотел победы
сначала надеялся, что поймут
потом — что просто не тронут
теперь одного желаешь:
чтоб не заметили

* * *

Я спросил Бога, видит ли он каждого человека.
Бог недолго подумал (мне показалось, он что-то считает в уме)
и сказал: понимаешь, я знаю, что вижу тех, кого вижу,
но я не уверен, что тех, кого я не вижу, не существует.

* * *

Возьми надежду, всяк сюда входящий.
Используй аккуратно и по делу.
Не рви, не пачкай, не ломай детали.
На выходе оставь ее другому.

Малітва найноўшага часу

...камень мой штодзённы дай мне сёньня
і падсунь бліжэй майго бліжняга
каб дакладна мог я патрапіць
яму ў патыліцу

* * *

ничего парадоксального
чисто формальная логика:
тяжело без человека
с которым легко

* * *

жыцьцё маё склалася лепш, чым мусіла
горш, чым магло б, —
напісаў чалавек эпіграф да біяграфіі
і падпісаў:
а можа, наадварот

* * *

каждый живой виноват перед мертвым
сытый — перед голодным
смеющийся виноват перед плачущим
любимый — перед брошенным
столько вокруг тяжко виновных:
сбежавших перед пойманными
верящих перед отчаявшимися
раненых перед убитыми

* * *

у нас для вас гуманитарная помощь —
чистые тряпочки,
в которые надо молчать
берите,
понадобятся

* * *

незапертая
стоит чужая беда —
сел и поехал

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG