Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тайляндзе затрымалі ўдзельнікаў рок-гурту «Бі-2», яны выступалі супраць вайны Расеі ва Ўкраіне

абноўлена

Архіўнае фота. Удзельнікі гурту «Бі-2» Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва)
Архіўнае фота. Удзельнікі гурту «Бі-2» Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва)

Удзельнікаў рок-гурту «Бі-2» затрымалі ў Тайляндзе за правядзеньне канцэртаў без дазволу на працу. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на аддзяленьне турыстычнай паліцыі правінцыі Пхукет.

«Супрацоўнікі аддзяленьня паліцыі ў Патонзе (курорт на заходнім узьбярэжжы Пхукета) затрымалі ў сераду 7 чалавек, аднаго ізраільцяніна і шэсьць расейцаў, прычынай арышту стала адсутнасьць дазволу на працу. Гаворка ідзе пра рок-гурт „Бі-2“. Яны павінны будуць заплаціць штраф, памер якога вызначыць суд», — сказаў прадстаўнік турыстычнай паліцыі.

Пасьля затрыманьня музыкаў адпусьцілі да суду, які пройдзе раніцай 26 студзеня, піша «Медиазона». Музыкам пагражае дэпартацыя ў Расею.

Канцэрты «Бі-2» прайшлі ў Тайляндзе ў Патаі і правінцыі Пхукет 22 і 24 студзеня адпаведна.

Паводле інфармацыі Mash, прычына затрыманьня ўдзельнікаў групы «Бі-2» на Пхукеце — антырасейская пазыцыя і падтрымка Ўкраіны, ініцыятар — генконсульства Расеі ў Тайляндзе.

«У краіне ў гурту былі заплянаваныя два канцэрты — 22 студзеня ў Патаі, 24-га — на Пхукеце. Першы прайшоў без праблем — з атрыманьнем дакумэнтаў камандзе дапамагла буйная юрыдычная кантора, адзін з супрацоўнікаў якой — фанат „Бі-2“. Ім аформілі турвізы і асобны дазвол на гастролі. Але на Пхукеце схема не спрацавала.

Па словах суразмоўцы выданьня ў консульстве, расейскія дыпляматы зьвярнуліся да ўладаў Тайлянду з просьбай уважліва праверыць дакумэнты музыкаў. Аказалася, дазволу на канцэртную дзейнасьць у іх няма», — адзначае тэлеграм-канал Mash.

  • «Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску, ягоныя заснавальнікі і нязьменныя ўдзельнікі Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва) паходзяць зь Беларусі.
  • З часам музыкі перабраліся ў Расею і сталі адным з самых камэрцыйна пасьпяховых гуртоў на расейскай сцэне.
  • Музыкі асудзілі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, у красавіку 2022 году, гурт «Бі-2» адмовіўся выступаць на канцэрце ў Омску на фоне банэра «Za президента». Пасьля гэтага гурт перанёс шэраг выступаў.
  • У 2023 годзе ўдзельнікі гурту эмігравалі ў Ізраіль.
  • У чэрвені 2023 году лідэра гурту Ягора Бортніка прызналі ў Расеі «іншаземным агентам». Як растлумачыла Міністэрства юстыцыі РФ — за тое, што музыка выступаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і «нэгатыўна выказваўся пра расейцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG