Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У конкурсе «Міс Японія – 2024» перамагла этнічная ўкраінка. ФОТА, ВІДЭА


Сьцяг Японіі, ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Японіі, ілюстрацыйнае фота

Грамадзянка Японіі ўкраінскага паходжаньня Караліна Сііно перамагла ў нацыянальным конкурсе прыгажосьці «Міс Японія – 2024». Падзея выклікала бурную дыскусію ў сацсетках аб правілах спаборніцтва і аб тым, ці варта дапускаць да яго неэтнічных японак.

Караліна Сііно нарадзілася ў Цярнопалі ў 1998 годзе. Яе бацькі — украінцы. У Японію дзяўчынка пераехала ва ўзросьце пяці гадоў, калі маці выйшла замуж другі раз — за японца.

Конкурс «Міс Японія» адбыўся ў Токіё ўжо ў 56-ы раз. Гэта найстарэйшы конкурс прыгажосьці ў краіне. Аднак пераможцай упершыню стала дзяўчына безь японскіх каранёў.

Караліна расказала, што ў дзяцінстве сутыкалася з дыскрымінацыяй і часта задавала сабе пытаньне, ці сапраўды яна належыць Японіі. Узяць удзел у конкурсе 26-гадовая мадэль вырашыла, каб даказаць самой сабе, што яна зьяўляецца японкай. Акрамя таго, дзяўчына хацела выкарыстаць пляцоўку конкурсу для папулярызацыі ў Японіі ідэі разнастайнасьці і інклюзіўнасьці, а таксама каб натхніць тых, хто адчувае сябе іншым ці маргіналізаваным.

Атрымаўшы карону, Караліна расплакалася і на бездакорнай японскай мове сказала: «З прычыны расавых бар’ераў было складана стаць прынятай. Тое, што мяне прызналі японкай на гэтым конкурсе, напаўняе мяне ўдзячнасьцю».

У японскіх сацсетках рашэньне судзейства ўспрынялі па-рознаму. Адны назвалі яго «знакам часу» і павіншавалі дзяўчыну з заслужанай перамогай, іншыя ж заявілі, што «Міс Японія» павінна мець японскія карані і выглядаць іначай.

«Зразумела, што яна прыгожая, але ж яна на сто адсоткаў украінка, а конкурс называецца „Міс Японія“! Дзе ж тут японская зьнешнасьць?», — заявіў адзін з камэнтатараў.

«Калі б яна была напалову японкай, вядома, няма праблем. Але з паходжаньня яна японка на 0% і нават не нарадзілася ў Японіі», — напісаў другі карыстальнік.

«Я думаю, што японцы нэгатыўна ўспрымуць той факт, што дзяўчыну з эўрапейскай зьнешнасьцю прызналі самай прыгожай японкай. Гэтае рашэньне пасылае няправільны сыгнал японскаму грамадзтву», — адзначыў яшчэ адзін камэнтатар.

  • Беларускі таксама перамагаюць на міжнародных конкурсах прыгажосьці. Летась гамяльчанка Элеанора Качалоўская стала першай віцэ-міс конкурсу Miss Europe Continental. У 2021-м 57-гадовая Тацяна Брэдзелева стала пераможцай Міжнароднага конкурсу Ms. Top Of The World, яна была найлепшай у катэгорыі Classic, дзе спаборнічалі ўдзельніцы, старэйшыя за 46 гадоў. А ў 2017-м беларуска Аляксандра Чычыкава стала «Міс сьвету – 2017 на інвалідным вазку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG